У Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў Беларусі абвясьцілі штармавое папярэджаньне празь небясьпечную гідрамэтэаралягічную зьяву, на большай частцы тэрыторыі Гомельскай і Магілёўскай вобласьці захоўваецца надзвычайная пажарная небясьпека.
Як адзначаецца на сайце міністэрства, сярод чыньнікаў небясьпекі — узьнікненьне пажараў у прыродных экасыстэмах, распаўсюд агню на населеныя пункты, лініі электраперадач і сувязі.
Паводле прагнозу надвор’я, у Беларусі будзе малавоблачна, без ападкаў, вецер усходні 3-8 м/с, тэмпэратура паветра ад +23 да +28°С.
У міністэрстве рэкамэндавалі грамадзянам не паліць вогнішчаў, быць пільнымі з вогненебясьпечнымі прадметамі, не кідаць незатушаных цыгарэт, безь неабходнасьці не паліць сьмецьце на садовых участках і на лецішчах, а таксама паблізу лясоў.
Ва Ўкраіне сьцьвярджаюць, што пажары ў зоне адчужэньня лякалізавалі
У Міністэрстве абароны навакольля і прыродных рэсурсаў Украіны паведамілі аб лякалізацыі пажараў у чарнобыльскай зоне. Агулам ад пажару пацярпелі больш за 2600 гектараў тэрыторыі. Складанасьці з тушэньнем пажару былі зьвязаныя зь неабходнасьцю разьмінаваньня на некаторых участках.
У той жа час вялікія пажары працягваюцца ў лясах Палтаўскай вобласьці. Яны ўзьніклі ад падпальваньня сухой травы. Цяпер у полымі больш за 700 гектараў лесу. Агонь хутка распаўюджваецца праз моцныя парывы ветру і адсутнасьць дажджоў.
Як паведаміў генэральны дырэктар дзяржаўнаага прадпрыемства Юры Балахавец, пажар пакуль ня могуць лякалізаваць.