«Вязьні, крымінальнікі, людзі зь мільярдам крэдытаў». Пуцін зноў павялічыў колькасьць расейскай арміі — каго яшчэ туды адправяць

Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін зноў павялічыў штатную колькасьць расейскага войска — ужо ў трэці раз з пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, піша «Настоящее время».

Згодна з новым указам Пуціна, штатная колькасьць расейскага войска складзе 1 мільён 500 тысяч чалавек — яе павялічылі яшчэ на 180 тысяч чалавек, дакумэнт набывае моц з 1 сьнежня. У лютым 2022 году штат вайскоўцаў у расейскім войску складаў 1 млн 13 тысяч чалавек, у жніўні 2022 году яго павялічылі да 1 млн 150 тысяч, у сьнежні 2023 году — да 1 млн 320 тысяч.

У Мінабароны Расеі пакуль не камэнтавалі новага ўказу Пуціна.

Навошта зноў павялічылі штатную колькасьць расейскага войска, каго туды адправяць і ці ёсьць у Расеі на гэта сродкі, «Настоящее время» спытала ў Івана Чувіляева, прэс-аташэ праекту «Ідзіце лесам», які дапамагае расейцам пазьбегнуць удзелу ў вайне.

Экспэрт тлумачыць рашэньне проста — бракуе людзей на фронце. Да гэтага колькасьць тых, хто ўдзельнічае ў вайне, ужо фактычна павялічылі за кошт адпраўленых у прымежную зону тэрміновай службы, нагадвае Чувіляеў: «Калі ўводзілі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі ў Курскай, Белгарадзкай, Бранскай абласьцях, ён уводзіўся з мэтай адзінай, насамрэч, — каб туды адпраўляць вайскоўцаў тэрміновай службы».

Пасьля таго, як у Курскую вобласьць зрабілі прарыў украінскія вайскоўцы, сотні прызыўнікоў трапілі ў палон. Вядома, што вайскоўцы тэрміновай службы былі сярод палонных, якімі Расея і Ўкраіна абмяняліся ў жніўні і верасьні 2024 году.

«У расейскай арміі вялікія праблемы з кадрамі, ёй няма кім ваяваць, у яе няма нікога, хто быў бы гатовы ісьці на вайну ў цяперашні момант, што цалкам вытлумачальна. [Расейскім уладам] трэба нейкім чынам гэтую праблему вырашаць», — камэнтуе новы указ Пуціна Іван Чувіляеў.

Ён адзначае, што, акрамя «разьдзіманьня кадраў» з дапамогай указу аб павелічэньні штату, расейскія ўлады працягваюць выкарыстоўваць і «частковую мабілізацыю», указ аб правядзеньні якой Пуцін падпісаў у верасьні 2022 году.

Экспэрт мяркуе, што, павялічыўшы штатную колькасьць войска, Пуцін мае намер нарасьціць колькасьць кантрактнікаў. Выплаты ім таксама паабяцаюць павялічыць — і ўскладуць гэта на рэгіянальныя бюджэты, прагназуе Чувіляеў. Рэалізацыя «разнарадак» па колькасьці кантрактнікаў таксама кладзецца на рэгіёны, адзначае ён.

«Рэгіёны з гэтай сытуацыі выкручваюцца, як могуць, падключаюць усё, што ім хоць неяк падкантрольна. Яму падкантрольныя мянты, умоўна кажучы, — і мянты займаюцца тым, што яны ходзяць па кватэрах, вылоўліваюць усіх, хто на „ўмоўным“, у каго непагашаная судзімасьць, і іх прымушаюць да падпісаньня кантракту», — тлумачыць экспэрт.

Паводле Івана Чувіляева, першымі кандыдатамі ў новыя кантрактнікі становяцца людзі з судзімасьцямі і якія сядзяць у турмах, а таксама тыя, хто ідзе на вайну вырашаць фінансавыя праблемы:

«Ідуць падпісваць кантракты ўсё тыя ж на манежы: крымінальнікі, тыя, хто сядзіць непасрэдна ў калёніях, і ня толькі крымінальнікі, проста ўсе, хто сядзіць у калёніях. Цяпер зьявіўся асобны яшчэ разрад — людзі, якія сядзяць у СІЗА, ім абяцаюць закрыцьцё крымінальнай справы з боку сьледзтва. Плюс мужык, які пасварыўся з жонкай і, каб яна плакала, пайшоў, падпісаў кантракт. Плюс чалавек, у якога мільярд крэдытаў, яму няма адкуль узяць грошы, каб іх пагасіць, — таксама пайшоў, падпісаў кантракт. Вось такі кантынгент. Больш нікога ў дзяржавы няма».