Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Ўладзімер Арлоўскі заявіў, што з пачатку году мытнікі папярэдзілі спробы ўвезьці на тэрыторыю краіны 50 адзінак агнястрэльнай зброі і больш за 2 тысячы адзінак халоднай зброі.
«Наша асноўная задача на заходняй мяжы — не дапусьціць у краіну ўвозу небясьпечных рэчываў і тавараў. Мы выяўляем дастаткова сур’ёзныя аб’ёмы ўвозу ў нашу краіну як зброі, так і боепрыпасаў, патронаў, наркотыкаў, валюты, якая можа быць выкарыстана ў тэрарыстычнай дзейнасьці. Так, за 8 месяцаў году мытныя органы выявілі каля 50 адзінак агнястрэльнай зброі і частак да яе, каля трох тысяч патронаў, куль, складнікаў боепрыпасаў, прыблізна 2,5 тысячы адзінак халоднай зброі», — працытавала Ўладзімера Арлоўскага дзяржаўнае агенцтва БелТА пасьля ягонай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
На гэтай сустрэчы Аляксандар Лукашэнка пацікавіўся трыма пытаньнямі — аб’ёмамі грузаперавозак ва ўмовах закрыцьця мяжы з Захадам і Ўкраінай, мытнымі адлічэньнямі ў дзяржаўны бюджэт, сытуацыяй на беларуска-ўкраінскай мяжы, а таксама бясьпекай. «Мытня адыграе найбольш важную ролю ў бясьпецы — як дзяржавы, так і нашых грамадзян. Што ў нас з кантрабандыстамі?» — сказаў ён.
Аляксандар Лукашэнка назваў «шаленствам» рашэньне заходніх краін закрыць 21 памежны пункт на мяжы зь Беларусьсю. Цяпер, паводле яго, працуюць толькі 5 з 26 аўтамабільных пунктаў пропуску.
Уладзімер Арлоўскі паведаміў, што мытнікі працягваюць працаваць на ўкраінскім кірунку, афармляючы грузы, што знаходзяцца на тэрыторыі краіны — у Менскай, Віцебскай і Магілёўскай абласьцях. «Нашы супрацоўнікі — Гомельскай мытні, Берасьцейскай — ажыцьцяўляюць дыстанцыйнае афармленьне грузаў з пунктаў пропуску. [...] Калі патрэбна будзе, мы будзем гатовыя аднавіць у поўным аб’ёме мытнае афармленьне з пунктаў пропуску», — заявіў кіраўнік Дзяржаўнага мытнага камітэту.
Аляксандар Лукашэнка апошнія некалькі гадоў пэрыядычна заяўляў пра вялікую колькасьць зброі, якую нібыта спрабавалі ўвезьці з тэрыторыі Ўкраіны.
Адразу пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ў лютым 2022 году, у тым ліку зь беларускай тэрыторыі, урад Украіны ўхваліў рашэньне закрыць усе памежныя пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю. Цяпер на беларуска-ўкраінскай мяжы працуе толькі адзін пункт пропуску «Макраны — Даманава», якія выконвае функцыі гуманітарнага калідора — празь яго могуць прайсьці пешшу толькі грамадзяне Ўкраіны, якія вяртаюцца з расейскай акупацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінабароны Беларусі заявілі, што ўкраінцы на мяжы рыхтуюць праходы для дывэрсантаў. Што адказвае Ўкраіна