Беларус Уладзіслаў П., якога судзяць у Польшчы за шпіянаж на карысьць Расеі, пагадзіўся на добраахвотнае адбыцьцё пакараньня, паведамляе Wirtualna Polska. Ён можа правесьці ў зьняволеньні 2 гады і 10 месяцаў, паведамляе выданьне Wirtualna Polska.
У Польшчы абвінавачаныя могуць падаць заяву на добраахвотнае адбыцьцё пакараньня ў выпадку, калі іхная віна і абставіны справы не выклікаюць сумневаў. Гэта дапамагае паскорыць судовы працэс і часта прыводзіць да мякчэйшага выраку.
Гэты мэханізм быў ужыты на паседжаньні Акруговага суду ў Любліне 13 верасьня, дзе разглядалася справа Ўладзіслава П.
Уладзіслаў П., грамадзянін Беларусі, акрамя згоды на адбыцьцё выраку пагадзіўся выплаціць 10 тысяч злотых штрафу, 5 тысяч злотых у Фонд дапамогі ахвярам злачынстваў і перадаць дзяржаве 8200 злотых, якія ён атрымаў ад расейскіх спэцслужбаў.
Аднак фінальнае рашэньне суду адклалі. Уладзіслаў П. таксама папрасіў зьмяніць яму меру стрыманьня, аднак суд адмовіў, спасылаючыся на рызыку таго, што ён можа пакінуць Польшчу, бо ня мае пастаяннага месца жыхарства ў краіне.
Уладзіслава П. абвінавачваюць у тым, што ён уваходзіў у групу, якая займалася шпіёнскай дзейнасьцю на тэрыторыі Польшчы. Група зьбірала інфармацыю аб ключавых аб’ектах транспартнай інфраструктуры, празь якія праходзілі вайсковыя і гуманітарныя грузы для Ўкраіны. Сярод задач было назіраньне за чыгункамі, вайсковымі аб’ектамі і марскімі партамі. Удзельнікі групы ўстанавілі камэры назіраньня і GPS-трэкеры на чыгуначных шляхах для адсочваньня перамяшчэньняў цягнікоў з дапамогай для Ўкраіны.
Суд лічыць, што група працавала на расейскія спэцслужбы, падтрымліваючы сувязь з куратарамі праз мэсэнджар Telegram. Лідэры групы, выкарыстоўваючы розныя псэўданімы, каардынавалі іх дзеяньні, уключаючы магчымую дыверсію.
Раней іншыя фігуранты гэтай справы таксама прызналі сваю віну і пагадзіліся на добраахвотнае адбываньне пакараньня. Ім прысудзілі ад 1 году пазбаўленьня волі да 6 гадоў. Таксама ім прызначылі штрафы, а незаконна атрыманыя грошы сканфіскавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 2 гадоў турмы. У Польшчы вынесьлі выракі беларусам за шпіянаж на карысьць Расеі