Па дапамогу ў складанай сытуацыі беларусы могуць зьвярнуцца праз чат-бот: @nau_by_bot. Так супрацоўнікі прадстаўніцтва па транзыце ўлады АПК змогуць выйсьці зь імі на сувязь і будуць імкнуцца аказаць пасільную дапамогу, у тым ліку ў кантакце зь мясцовымі ўладамі, паведамляе прэс-служба АПК.
Намесьнік кіраўніцы АПК, прадстаўнік па транзыце ўлады Павал Латушка зьвярнуўся да ўсіх беларусаў з просьбай быць салідарнымі і дапамагаць адно аднаму, «бо абсалютная большасьць беларусаў у Польшчы ня можа разьлічваць на падтрымку з боку амбасады і консульстваў рэжыму».
«У выпадку, калі ў вас узьніклі праблемы ў іншых краінах, якія пацярпелі ад паводкі, вы таксама можаце пісаць у чат-бот @nau_by_bot. Мы будзем імкнуцца накіраваць вас, пракансультаваць і спрыяць вырашэньню вашых праблем», — гаворыцца ў паведамленьні АПК.
На 16 верасьня заплянаваная сустрэча Паўла Латушкі ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы, падчас якой таксама абмяркуюць магчымасьць падтрымкі грамадзян Беларусі з боку польскіх уладаў у надзвычайнай сытуацыі, зьвязанай з паводкай.
Тым часам беларусы Ўроцлава ўжо мабілізуюцца для дапамогі пацярпелым ад наступстваў паводкі. У суполцы беларусаў Уроцлава ў Telegram паведамілі, што будуць па магчымасьці дапамагаць тым, хто апынуўся ў цяжкай сытуацыі з прычыны паводак у Ніжняй Сілезіі. Там заклікалі ўсіх, хто ведае беларусаў, якіх закранула стыхія і каму патрэбная дапамога, паведамляць пра гэта праз прыватныя паведамленьні ў тэлеграм-канал @supolka_contact ці тэлефанаваць на нумары +48 730 673 903, +48 886 606 863.
У суполцы таксама апублікавалі рэкамэндацыі, як дзейнічаць падчас паводкі:
- Не выходзьце і не выяжджайце на затопленыя дарогі.
- Падрыхтуйце запас прадуктаў і пітной вады.
- Не набліжайцеся да электрычных прыбораў па-за домам.
- Правярайце грунт, калі вымушаныя пераходзіць праз ваду. Будзьце асабліва ўважлівыя да абарваных ліній высокага напружаньня, разьлітых вадкасьцяў, размытых паверхняў дарог, вострых прадметаў на зямлі.
- Калі вам патрэбна дапамога, паведаміце мясцовым службам, дзе вы знаходзіцеся. (112 — агульны нумар экстранай дапамогі, 984 — водная служба выратаваньня, 71 770 22 22 — цэнтар кіраваньня крызіснымі сытуацыямі).
У Польшчы выпала самая вялікая колькасьць ападкаў за апошнія гады, пішуць мясцовыя СМІ. У найбольшай рызыцы апынуліся рэгіёны Аполе і Ніжняя Сілезія, якія захліснула хваля паводкі. Па стане на раніцу 16 верасьня колькасьць загінулых у выніку паводкі ў паўднёвай частцы Польшчы, выкліканай цыклёнам «Барыс», узрасла да трох чалавек, пад пагрозай затапленьня такія буйныя гарады, як Уроцлаў.
У некаторых затопленых раёнах былі адключаныя энэргазабесьпячэньне і сувязь. Разбураныя масты, адбыўся прарыў дамбы ў невялікім горадзе Строні Сьлёнскія. Сытуацыя «драматычная» ў раёне горада Клодзка з насельніцтвам каля 25 тысяч чалавек, непадалёк ад мяжы з Чэхіяй.
Ад цыклёну таксама пацярпелі шмат населеных пунктаў у Польшчы, Аўстрыі, Чэхіі, Румыніі і Малдове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя ахвяры і разбурэньні ад паводкі ў Цэнтральнай Эўропе. Фота