Больш за сто палоненых у Курскай вобласьці расейскіх вайскоўцаў знаходзіцца ў Беларусі ў працэсе абмену, паведаміла Мінабароны Расеі.
14 верасьня «ў выніку перамоўнага працэсу з падкантрольнай кіеўскаму рэжыму тэрыторыі вернутыя 103 расейскія вайскоўцы, захопленыя ў палон у Курскай вобласьці», гаворыцца ў паведамленьні.
Узамен перададзеныя 103 ваеннапалонныя Ўзброеных сіл Украіны.
«Цяпер усе расейскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ім надаецца неабходная псыхалягічная і мэдыцынская дапамога, а таксама ім далі магчымасьць зьвязацца са сваякамі», — паведаміла расейскае вайсковае ведамства.
Далей іх плануюць даставіць у Расею. Паведамляецца аб пасярэдніцтве ААЭ у абмене.
Украіна вярнула з палону 103 вайскоўцаў, заявіў прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі. Гэта ўжо другі абмен за два дні.
«82 шараговага і сяржанцкага складу. 21 афіцэр. Абаронцы Кіеўскай вобласьці, Данецкай вобласьці, Марыюпаля і Азоўсталі, Луганскай вобласці, Запарожжа, Харкаўскай вобласці. Вайскоўцы Узброеных сіл Украіны, Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны, памежнікі, паліцыянты», — дадаў ён.
Раней расейскія ваеннапалонныя неаднаразова вярталіся ў Расею праз Беларусь.
Узброеныя сілы Ўкраіны праводзяць наступальную апэрацыю ў Курскай вобласьці Расеі з 6 жніўня.