У Чэхіі павялічваецца ўзровень вады ў рэках, на ўсходзе краіны тысячы дамоў пазбаўленыя электрычнасьці. Чакаецца, што да вечара суботы сытуацыя ўскладніцца з-за моцнага ветру. Сыноптыкі прагназуюць, што яго парывы змогуць дасягаць 100 кілямэтраў за гадзіну.
Улады шэрагу гарадоў не выключаюць правядзеньня эвакуацыі.
У горадзе Брно ў Чэхіі кіраўніцтва аднаго са шпіталёў, разьмешчанага ў зоне падтапленьня, перавяло пацыентаў у іншыя клінікі.
У Празе вада у рацэ Влтава дасягне найвышэйшага ўзроўню ў ноч з суботы на нядзелю. Паводле ацэнак, яна падымецца на 60-80 сантымэтраў.
Праскі заапарк, які моцна пацярпеў падчас паводак 2002 і 2013 гадоў, заявіў, што, у выпадку неабходнасьці, гатовы да эвакуацыі жывёл. Заапарк у выходныя зачынены для наведнікаў. Па словах дырэктара Міраслава Бобека, ёсць рызыка падзеньня дрэў з-за размытай дажджамі глебы.
У суботу раніцай у праскіх раёнах працягнулася ўзвядзеньне ахоўных ад паводак збудаваньняў.
З позняга вечара серады найбольшая колькасьць ападкаў (каля 100 мілімэтраў) у Чэхіі выпала на хрыбтах Крканош і Арліцкіх гор.
Прэм’ер-міністар Чэхіі Пётр Фіяла заклікаў жыхароў краіны рыхтавацца да найгоршага разьвіцьця сытуацыі з паводкай, якую ён параўнаў па патэнцыйнай сіле з паводкамі 1997 і 2002 гадоў. Тады загінулі некалькі дзясяткаў чалавек.
Кіраўнік МУС Чэхіі Віт Ракушан заявіў журналістам, што з пятніцы ў краіне ў поўнай гатоўнасьці знаходзяцца 100 тысяч пажарных. Яны прыбіраюць паваленыя дрэвы і аднаўляюць лініі электраперадач. Пажарнікам дапамагаюць вайскоўцы.
Разам з тым харчовая палата заявіла, што вытворчасць прадуктаў харчавання ў Чэхіі ня будзе пад пагрозай у выпадку паводкі.
У Румыніі ў Галацкім павеце ў ноч на суботу загінулі пяць чалавек. Колькасьць ахвяр можа быць большай. У краіне закрытыя 13 участкаў дзяржаўных і мясцовых трас. У некаторых населеных пунктах вада дасягнула трох мэтраў.
У горадзе Вроцлаў, на паўднёвым усходзе Польшчы створаны крызісны штаб. Па прагнозах сыноптыкаў, у горадзе можа выпасьці 380 мілімэтраў ападкаў. Такіх высокіх паказчыкаў ва Ўроцлаве за гісторыю назіраньняў не фіксавалі.
Мінабароны Польшчы прывяло ў баявую гатоўнасць вайскоўцаў. Яны, у выпадку неабходнасьці, будуць аказваць падтрымку мясцовым уладам у барацьбе з паводкай.
Польскія ўлады заклікалі жыхароў назапасіцца прадуктамі і рыхтавацца да адключэньняў электраэнэргіі. Прэм’ер-міністар Дональд Туск пры гэтым адзначыў, што прычын для панікі няма, але грамадзянам трэба быць поўнасцю мабілізаванымі.
У Аўстрыі прагназуюцца моцныя дажджы і сьнег у гарах. Ападкі могуць прывесьці да апоўзьняў. У Вене і розных частках краіны чакаюць больш за 200 мілімэтраў ападкаў. Аўстрыйскае войска прыведзена ў баявую гатоўнасць для дапамогі грамадзянскім экстраным службам.