Чалавек, якога ў сюжэце беларускага дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» назвалі асобай, якая нібыта давала ўказаньні японцу Масатосі Наканісі, затрыманаму ў Беларусі праз падазрэньне ў шпіянажы, у інтэрвію японскай газэце The Mainichi назваў сюжэт БТ «поўнай хлусьнёй».
Уладальнік адной зь японскіх кампаній, муж сястры затрыманага ў Беларусі японца Масатосі Наканісі (ягонага імя выданьне не называе) заявіў газэце Mainichi, што сюжэт беларускага дзяржаўнага тэлеканала «зьяўляецца суцэльнай хлусьнёй».
«Ні я, ні ён ня можам быць шпіёнамі», — заявіў ён і заклікаў да неадкладнага вызваленьня Масатосі Наканісі.
Мужчына зьвярнуў увагу на скрын перапісак паміж ім і затрыманым у Беларусі японцам, якія былі апублікаваныя ў сюжэце «Беларусь-1». Паводле яго, аўтары праграмы няправільна пераклалі паведамленьні зь японскай мовы на расейскую, сказіўшы іх першапачатковы сэнс.
Мужчына расказаў, што меў добрыя стасункі з Наканісі, які зьяўляецца старэйшым братам ягонай жонкі. Яны сустракаліся некалькі разоў на год, у тым ліку пасьля таго, як Наканісі пераехаў у Беларусь. Апошні раз, паводле мужчыны, яны размаўлялі ў красавіку 2024 году, абмяняўшыся простымі вітаньнямі.
У сюжэце БТ сьцьвярджалася, што муж сястры японца Масатосі Наканісі нібыта быў зьвязаны з Нацыянальнай камісіяй грамадзкай бясьпекі Японіі і што менавіта ён даваў таму ўказаньні наконт шпіёнскай дзейнасьці. У якасьці «доказу» гэтых абвінавачаньняў у праграме паказалі абмен думкамі паміж ім і Наканісі.
У той час як Наканісі па-японску напісаў: «Японскія кампаніі маюць толькі некалькі пераваг (для пранікненьня сюды). Моц Кітая велізарная» ў сюжэце БТ гэта паведамленьне «пераклалі» зусім інакш: «Што тычыцца нядаўняга нападу, дык ён, падобна, зьяўляецца містыфікацыяй ЗША. Калі тут адбудзецца нешта падобнае, я вам абавязкова паведамлю. Па сутнасьці, мы не давяраем тут СМІ. Можна верыць толькі сваёй сетцы знаёмстваў».
Па словах мужчыны, паказаны ў сюжэце беларускай тэлевізіі абмен думкамі быў некалькі гадоў таму і ўяўляў сабой адказ Наканісі на яго пытаньне пра разьвіцьце бізнэсу ў Беларусі, зададзенае проста зь цікаўнасьці.
«Я проста хацеў даведацца, ці будзе прадукцыя маёй кампаніі карыстацца попытам за мяжой, і гэта была цалкам звычайная размова для бізнэс-мэнэджара», — заявіў уладальнік кампаніі.
«Неверагодна, што дзяржаўная тэлевізія можа так адкрыта хлусіць. Я да гэтага часу не разумею, чаму я таксама апынуўся ўцягнуты ў гэта», — дадаў ён.
Ён сказаў, што не атрымліваў ніякіх паведамленьняў ад беларускіх уладаў. Гаворачы пра Наканісі, мужчына сказаў: «Ён з усіх сіл імкнуўся данесьці японскую культуру (у Беларусь. — Рэд.). Я не магу паверыць (у сьцьвярджэньні.— Рэд.), што ён займаўся шпіянажам. Я спадзяюся, што ён вернецца ў Японію ў добрым здароўі як мага хутчэй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманага ў Беларусі японца абвінавачваюць паводле артыкулу аб «агентурнай дзейнасьці», ён у СІЗА КДБЗатрыманьне японца ў Беларусі
Затрыманага ў Беларусі японца Масатосі Наканісі абвінавачваюць у агентурнай дзейнасьці (арт. 358-1 Крымінальнага кодэксу), расказаў у сюжэце дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» начальнік сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак.
Як вынікае зь сюжэту, у Беларусь Масатосі Наканісі пераехаў у 2018 годзе. Тут ён узяў шлюб зь беларускай, які прапагандысты называюць «фіктыўным».
Таксама, паводле прапагандыстаў, Наканісі адкрыў у Беларусі фіктыўную кампанію «БелНіханінтэрнэшнл», якая за 6 гадоў «не прынесла ніякага прыбытку». Затое празь яе японец, паводле сюжэту «Беларусь-1», «зьбіраў дзелавую інфармацыю» і «зьвязваўся з такімі кампаніямі, як „Контэ“, „Малочны сьвет“, „Чырвоны харчавік“, „Спартак“, Гомельскай і Магілёўскай свабоднымі эканамічнымі зонамі», «праяўляў неабгрунтаваную цікавасьць, напрыклад, па супрацоўніцтве з Кітаем», заявілі прапагандысты.
Ягоную працу выкладчыкам японскай мовы ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Скарыны ў сюжэце назвалі «прыкрыцьцём». Да таго ж яго абвінавацілі ў фатаграфаваньні вайсковай тэхнікі каля ўкраінскай мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадара Японіі выклікалі ў МЗС Беларусі ў «шпіёнскай справе»