Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што ў Беларусі «ідэі міру, бясьпекі, абароненасьці ад вонкавых пагроз» сталі асновай унутранай і замежнай палітыкі.
Як адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы Мінабароны Беларусі, Віктар Хрэнін на 11-м Сяншаньскім форуме «падзяліўся формулай справядлівага міру, які ня дзеліцца на Ўсход і Захад, а ў якім у пытаньнях міжнароднай бясьпекі і мірнага суіснаваньня на плянэце важны голас кожнай дзяржавы».
Віктар Хрэнін паведаміў, што Беларусь ініцыявала распрацоўку Эўразійскай хартыі разнастайнасьці і шматпалярнасьці ў XXI стагодзьдзі, якая можа аб’яднаць намаганьні ўсіх дзяржаў кантынэнту ў стварэньні іншага сьветапарадку.
«Ня выключана і тое, што ў выніку супольнай працы мы прыйдзем да стварэньня новай АБСЭ, у якой, аднак, „Э“ будзе азначаць ужо не Эўропу, а Эўразію. Але зьвяртаю ўвагу, што і дзяржавы Эўропы як неад’емная частка Эўразійскага кантынэнту, павінны ўдзельнічаць у гэтых працэсах. У выніку ўсе рашэньні ў пытаньнях будуць прымацца сапраўднай Глябальнай большасьцю, а не закрытым клюбам заходніх краін», — заявіў міністар абароны Беларусі.
Паводле яго, новая сыстэма міжнародных дачыненьняў мусіць абапірацца на міжнароднае права, узаемны давер і роўнасьць, улічваць нацыянальныя, рэлігійныя і культурныя асаблівасьці народаў, выключаць умяшаньне ва ўнутраныя справы дзяржаў для зьмены выбранага шляху разьвіцьця, прызнаваць і паважаць разнастайнасьць мэханізмаў практычнай супрацы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рыжанкоў у Ганконгу заявіў, што «Беларусь ня дасьць уцягнуць сябе ў вайну ва Ўкраіне»12 верасьня міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў падчас 9-га саміту «Пояс і шлях» у Ганконгу заявіў, што беларускія ўлады «поўныя рашучасьці не дапусьціць уцягваньня Беларусі ў канфлікт ва Ўкраіне», які «ператварыўся ў поўнамаштабнае ваеннае супрацьстаяньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што замінае Менску зьнізіць напружаньне ў адносінах з Захадам? Адказвае Валер Кавалеўскі- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў. Тысячы расейскіх войскаў увайшлі ва Ўкраіну зь Беларусі ў пачатку ўварваньня, зь беларускай тэрыторыі запускалі балістычныя ракеты па Ўкраіне, а расейскія бамбавікі запускалі ракеты з паветранай прасторы Беларусі.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.