У Берасьці за ўдзел у пасьлявыбарных пратэстах асудзілі адразу 11 чалавек

Архіўнае ілюстрацыйнае фота

У судзе Берасьцейскага раёну 12 верасьня вынесьлі чарговы масавы прысуд паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак), паведамляе «Вясна».

За ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 году асудзілі адразу 11 мясцовых жыхароў. Судзьдзя прызначыў ім тэрміны ад 2 гадоў «хатняй хіміі» да 1,5 года калёніі.

Паводле інфармацыі «Берасцейскай Вясны», яны атрымалі наступныя тэрміны:

  • Ільля Сабко, Аляксандар Зайцаў, Мікалай Каплюк, Кірыл Яўтушык, Артур Зарэмба, Дзьмітры Лысюк, Алег Бандарук, Дзяніс Якавенка — па 1 годзе і 6 месяцаў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму кожнаму.
  • Мікалай Місюк — адзін год калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
  • Дзьмітры Салавейка — 2 гады і 6 месяцаў «хатняй хіміі» (абмежаваньне свабоды без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу).
  • Міхаіл Верамчук — 2 гады «хатняй хіміі».

Сутнасьць абвінавачваньня супраць усіх палягала ў тым, што людзі 10 жніўня 2020 году ў Берасьці «выкрыквалі лёзунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, выходзілі на праезную частку». Гэтым яны нібыта груба парушалі грамадзкі парадак.

Як адзначаюць праваабаронцы, раней ужо 70 чалавек асудзілі да калёніі паводле артыкула 293 КК (удзел у масавых беспарадках) за пратэсты ў Берасьці ў жніўні 2020 году. Пасьля некаторага зацішша, у канцы 2023 году зьявіліся новыя затрыманьні за тыя пратэсты — улады пачалі прад’яўляць затрыманым артыкул 342 КК. Ужо вядома пра 48 асуджаных паводле артыкула 342 КК за пратэсты ў Берасьці, якія праходзілі 10 жніўня 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На лаве падсудных — 10 чалавек: у Берасьці пачаўся новы масавы суд за ўдзел у пратэстах 2020 году
  • 9 верасьня ў Ленінскім раённым судзе Берасьця паралельна распачаліся два судовыя працэсы паводле ч. 1 арт. 342 КК, у іх агулам судзяць 10 чалавек.
  • 4 верасьня адразу 11 чалавек у Берасьці і яшчэ двое ў Пінску паўсталі перад судом за ўдзел у пратэстах 2020 году. Іх судзяць паводле 342-га артыкулу КК — за ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
  • Днямі ў Бярозе пачаўся суд над чатырма мясцовымі жыхарамі за ўдзел у акцыях пратэсту ў ноч з 10 на 11 жніўня 2020-га. Ім прысудзілі па 1 годзе 6 месяцаў калёніі кожнаму.
  • Толькі з 2-га па 6 верасьня па ўсёй Беларусі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у пасьлявыбарных акцыях пратэсту 2020 году, паводле праваабаронцаў, судзілі як мінімум 33 чалавекі. Лідэрамі ў перасьледзе, паводле праваабаронцаў, застаюцца Менск і Берасьцейшчына. Паралельна працягваюцца затрыманьні.
  • Паводле інфармацыі «Вясны», агулам з 2020 году паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу асудзілі ўжо амаль 2,6 тысячы чалавек.