Гэта дапамагло ўстанавіць месца, дзе хаваўся лідэр тэрарыстычнай групоўкі «Аль-Каіда». Былы дырэктар АНБ па апэрацыях Джон Дарбі распавёў пра гэта ў інтэрвію The Washington Post.
Пра тое, што амэрыканская выведка мела інфармацыю пра памочніка бін Ладэна і што менавіта празь яго ўдалося дабрацца да «тэрарыста № 1», паведамлялася неўзабаве пасьля забойства кіраўніка «Аль-Каіды» у 2011 годзе. Бін Ладэн меў зносіны з навакольным сьветам праз памочніка, прытрымліваючыся правілаў строгай кансьпірацыі і пазьбягаючы электроннай камунікацыі.
Інфармацыю аб кур’еры выведслужбы ЗША атрымалі на допытах злоўленых у розны час высокапастаўленых чальцоў «Аль-Каіды». Тыя назвалі ім яго меркаванае імя — Абу Ахмед аль-Кувэйці.
У канцы 2007 года ЦРУ перадала АНБ інфармацыю, паводле якой аль-Кувэйці можа быць зьвязаны з сям’ёй нейкага Ібрагіма Ахмада Саіда — пакістанца кувэйцкага паходжаньня. Распрацоўкай Ахмада Саіда заняўся высокапастаўлены аналітык АНБ разам са сваёй камандай, якога Дарбі называе «галоўным паляўнічым» за бін Ладэнам. «Яны вывучалі расшыфроўкі званкоў, адсочвалі замежныя нумары, звязаныя з гэтымі званкамі, зьвязвалі іх ланцужком з іншымі нумарамі і праслухоўвалі сотні размоваў. За два гады яны выбудавалі кола асобаў, якія, на іх думку, маглі быць сваякамі Ахмада Саіда», — піша The Washington Post.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абама: бін Ладэн меў у Пакістане "сетку падтрымкі"Ахмад Саід уключаў тэлефон вельмі рэдка і рабіў гэта ў асноўным у ажыўленых гарадзкіх раёнах або ў шашы на паўночным захадзе Пакістана. Ён ніколі не расказваў пра сябе і не запрашаў нікога да сябе дадому, нават падчас рэлігійных сьвятаў, высьветлілі аналітыкі АНБ з перахопу яго размоў. Эспэрты АНБ правялі параўнаньне аўдыёзапісаў, на якіх, як яны меркавалі, быў запісаны голас Абу Ахмеда аль-Кувейці, з перахопленымі запісамі Ахмада Саіда. Яны прыйшлі да высновы, што Ахмад Саід і аль-Кувэйці — адзін і той жа чалавек. Да таго моманту яны ведалі, што Саід знаходзіцца на паўночным захадзе Пакістана.
Улетку 2010 года, калі АНБ адсочвала мабільны тэлефон аль-Кувэйці, ЦРУ накіравала сваіх апэратыўнікаў да месца, дзе быў зафіксаваны сыгнал тэлефона. Тады ж спэцслужбы высьветлілі, што памочнік бін Ладэна перамяшчаецца на пазадарожніку Suzuki Potohar. Да жніўня ЦРУ і АНБ, у тым ліку праз адсочваньне сыгналу тэлефона аль-Кувейці, знайшлі трохпавярховы комплекс, да якога той прыяжджаў. Гаворка ідзе аб будынку ў пакістанскім горадзе Абатабад.
Напачатку траўня 2011 году ў выніку спэцапэрацыі амэрыканскіх войскаў у Абатабадзе Ўсама бін Ладэн быў забіты.