«Як можна прапаноўваць, нічога нас не спытаўшы? А Расея ўключаецца і кажа, што падтрымлівае кітайска-бразыльскую ініцыятыву. Для чаго гэты тэатар?» — заявіў Зяленскі. Паводле ягоных слоў, украінцы ваююць на сваёй зямлі, а Бразылія і Кітай павінны «спыніць расейцаў» — паказаць, што яны «моцныя краіны».
На думку Зяленскага, падыход, які прадэманстравалі Кітай і Бразылія, «ідзе насуперак паняцьцям справядлівасьці і каштоўнасьцяў», а таксама гаворыць пра адсутнасьць павагі да Ўкраіны і яе тэрытарыяльнай цэласнасьці. «Які кампраміс? Проста аддаць сваю зямлю, забыцца, што яны забіваюць нашых людзей? У чым кампраміс? Гэта проста непрымальныя рэчы. Таму я лічу, што гэта дэструктыўна», — сказаў на заканчэньне прэзыдэнт Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Украіны расказаў у Кітаі, калі Кіеў будзе гатовы да мірных перамоў з РасеяйУвесну 2024 году Кітай і Бразылія прапанавалі «мірны плян» (афіцыйна мэмарандум называецца «Агульныя дамоўленасьці паміж Кітаем і Бразыліяй па палітычным урэгуляваньні ўкраінскага крызісу»), які складаецца з шасьці ключавых пунктаў. У прыватнасьці, абедзьве краіны прапануюць спыніць баявыя дзеяньні і перайсьці да перамоваў.
У ліпені міністар замежных справаў Украіны наведаў зь візытам Пэкін. Дзьмітро Кулеба, як паведамлялася, данёс Кітаю «пасьлядоўную пазыцыю Ўкраіны, якая палягае ў гатоўнасьці весьці перамоўны працэс з расейскім бокам на пэўным этапе, калі Расея будзе гатовая весьці перамовы добрасумленна», дадаўшы, што «такой гатоўнасьці з расейскага боку пакуль не назіраецца».
Заходнія CМИ пішуць, што пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне Кітай актыўна пастаўляе ў Расею тавары і абсталяваньне, неабходныя для вытворчасьці ракет, самалётаў і танкаў. Паводле дадзеных Financial Times, у 2023 годзе 90% імпартаваных Расеяй для гэтых мэт чыпаў паступалі менавіта з Кітаю. ЗША прыгразілі санкцыямі ў дачыненьні да кітайскіх кампаніяў. У сваю чаргу, улады Кітаю адмаўляюць вайсковае супрацоўніцтва краіны з Масквой.