У Беларусі судовыя выканаўцы могуць часова абмежаваць правы даўжніка на кіраваньне транспартам — гэта тычыцца як фізычных асобаў, так і ІП.
Як працуе такая працэдура, Mlyn.by расказаў Уладзімер Волкаў, намесьнік начальніка ўпраўленьня прымусовага выкананьня галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Менаблвыканкаму.
Паводле Волкава, такое пакараньне ў Беларусі ўжываюць у выпадках, калі судовы выканаўца «разумее, што прынятыя раней меры ўзьдзеяньня на даўжніка неэфэктыўныя», а таксама калі непрыняцьце мераў «абцяжарыць або зробіць немагчымай рэалізацыю выканаўчага дакумэнта».
Выключэньне складаюць выпадкі, калі правы неабходныя даўжніку «ў сувязі з інваліднасьцю або як адзіны сродак атрыманьня даходу». Іншых выключэньняў у беларускім заканадаўстве няма.
Пасьля атрыманьня пастановы судовага выканаўцы даўжнік мае 10 працоўных дзён на тое, каб яе абскардзіць. Таксама ён можа можа зьвярнуцца з хадайніцтвам аб замене абмежаваньня правоў на кіраваньне транспартам іншай мерай і падаць інфармацыю, якая пацьвердзіць немагчымасьць ужываньня ў дачыненьні да яго такога абмежаваньня.
Пасьля таго, як судовы выканаўца пераканаецца ў «належным апавяшчэньні» даўжніка, ён накіроўвае яго для выкананьня ў ДАІ. Прычым «належным апавяшчэньнем» таксама лічацца выпадкі, калі чалавек:
- адмовіўся атрымліваць ліст з пастановай судовага выканаўцы і такую адмову дакумэнтальна зафіксавалі;
- не зьявіўся па атрыманьне ліста, не жыве (не знаходзіцца) па апошнім вядомым яго месцы жыхарства (знаходжаньня), у тым ліку ІП, пра што ёсьць паведамленьне (адзнака) паштовага апэратара.
Паведамляецца, што ў рамках такіх мераў «больш за 7 тысяч кіроўцаў у Менскай вобласьці ня змогуць кіраваць аўтамабілямі праз даўгі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі ў даўжнікоў, аштрафаваных за парушэньне ПДР, пачалі канфіскоўваць тэлефоны, ноўтбукі і тэлевізары