У Варонежы ня могуць пачаць разгляд справы беларуса, якога абвінавацілі ў дывэрсіі на карысьць Украіны

Варонескі абласны суд. Архіўнае фота

Беларуса затрымалі сёлета ў лютым, а справу перадалі ў суд у канцы жніўня. Яго імя не называюць.

Варонескі абласны суд адклаў на некалькі тыдняў разгляд справы 26-гадовага грамадзяніна Беларусі М., якога абвінавацілі ў дывэрсіі на тэрыторыі Тульскай і Варонескай абласьцей супраць эканамічнай бясьпекі і абараназдольнасьці Расеі.

Аб атрыманьні справы для разгляду суд паведаміў 28 жніўня і прызначыў першае пасяджэньне на 2 верасьня. Аднак, як паведаміла мясцовае выданьне «Воронежские новости», суд ня змог пачаць разгляд справы, бо фігуранта не этапавалі ў Варонеж. Таму пасяджэньне «адклалі на 2-3 тыдні».

У той жа час выданьне не ўдакладняе, адкуль павінны былі этапаваць беларуса. Вядома, што яго затрымалі менавіта ў Варонежы. Пра гэта сёлета 12 лютага паведамляў Цэнтар грамадзкіх сувязяў ФСБ Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ФСБ РФ затрымала грамадзяніна Беларусі за падпал электрападстанцыі ў Туле

«Фэдэральнай службай бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі ў Варонежы затрыманы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, 1998 году нараджэньня, які мае дачыненьне да падпалу 6 лютага 2024 году ў Туле цягавай электрападстанцыі АТ „Тульскія гарадзкія электрасеткі“ на заданьне ўкраінскіх спэцслужбаў», — гаварылася ў паведамленьні ФСБ.

Тады сьледчы аддзел УФСБ Расеі па Тульскай вобласьці завёў крымінальную справу паводле ч. 1 арт 281 КК РФ («Дывэрсія»). Грамадзяніну Беларусі пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

Пасьля затрыманьня Цэнтар грамадзкіх сувязяў ФСБ Расеі апублікаваў відэазапіс, на якім затрыманы «прызнаў сваю віну і раскаяўся». Беларус расказаў, што яму трэба было зьнішчыць трансфарматарную падстанцыю ў Туле, а потым пераехаць у Варонеж для наступнай дывэрсіі. Затрыманы паведаміў, што падстанцыю ён падпаліў і адправіў адпаведны відэазапіс нібыта свайму куратару.

Паводле ФСБ, раней затрыманага беларуса ўжо судзілі за хуліганства з выкарыстаньнем зброі, выбуховых альбо гаручых рэчываў. Пасьля адбыцьця пакараньня ў студзені 2024 году ён, паводле вэрсіі расейскіх сьледчых, нібыта празь неаднаразова судзімага за крадзяжы ў Маскве жыхара Харкава, грамадзяніна Ўкраіны Атары Данько па мянушцы Грыша Маскоўскі, усталяваў кантакт з супрацоўнікам украінскіх спэцслужбаў па імені Юрый. Той нібыта паставіў беларусу задачу за грашовую ўзнагароду ўчыніць дывэрсіі і тэракты на аб’ектах цывільнай інфраструктуры РФ.

«5 лютага 2024 году на заданьне Юрыя фігурант прыбыў у Тулу, дзе вырабіў самаробную запальную прыладу і ўчыніў падпал электрападстанцыі», — заявілі ў ФСБ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АНТ паказала сюжэт пра нібыта дзейнасьць у Беларусі агентаў украінскіх спэцслужбаў. Паказалі беларуса, якога вінавацяць у выбуху на БАМе


7 сьнежня 2023 году ФСБ паведаміла пра затрыманьне ў Омску 52-гадовага грамадзяніна Беларусі Сяргея Ерамеева паводле абвінавачаньня ў падрыве двух цягнікоў на Байкала-Амурскай магістралі (БАМ) у Бураціі. Ён, паводле сілавікоў, таксама «даў прызнальныя паказаньні аб працы пад кантролем украінскіх спэцслужбаў» і прызнаў віну. Сьцьвярджалі, што ягоным заданьнем «было часова паралізаваць БАМ для зрыву пастаўкі паўночнакарэйскіх вайсковых грузаў».