«Беларуськалій» забясьпечваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» тэхнічнай сольлю, — расьсьледніцкі праект «Бюро»

«Беларуськалій», архіўнае ілюстрацыйнае фота

Так званыя «ДНР» і «ЛНР» на працягу 5 гадоў (з 2017-га па 2022-ы) закуплялі тэхнічную соль, вырабленую на «Беларуськаліі», высьветлілі расьсьледнікі «Бюро».

Пра гэта сьведчаць мытныя зьвесткі, якія мае расьсьледніцкі праект «Бюро». Інфармацыю таксама пацьвердзіў адзін з пастаўшчыкоў. Гаворка ідзе пра пастаўкі мінэральнага канцэнтрату — галіту, які ўжываюць для ачысткі вады і супраць галалёду. Галіт яшчэ называюць тэхнічнай сольлю.

Паводле зьвестак расьсьледнікаў, спачатку «Беларуськалій» прадаваў галіт гандлёвым кампаніям самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а пасьля перайшоў да непасрэдных кантрактаў зь мясцовай адміністрацыяй. Так, у 2020 годзе «Беларуськалій» паставіў на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны больш за 3,6 тысячы тон тэхнічнай солі на суму звыш 265 тысяч даляраў. Атрымальнікам грузу ў мытных дэклярацыях пазначана так званае «міністэрства будаўніцтва і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ДНР».

У «міністэрстве» і «Беларуськаліі» расьсьледнікам адмовіліся камэнтаваць гэтыя зьвесткі.

У 2021 і 2022 гадах пастаўкі беларускай тэхнічнай солі працягнуліся, але ўжо не наўпрост, а праз пасярэдніка, адзначае «Бюро». «Беларуськалій» прадаваў сваю прадукцыю данецкай кампаніі «АСК Рэгіён», агулам — звыш тысячы тон больш як на 63 тысячы даляраў. «АСК Рэгіён» вазіла беларускую прадукцыю ў Данецк нават пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну — у сакавіку 2022 году.

Бэнэфіцыярам данецкай фірмы «АСК Рэгіён» зьяўляецца выхадзец зь Беларусі Данііл Кудзелка, які мае і расейскае грамадзянства. Ён валодае данецкай фірмай праз растоўскую кампанію «АСК МК». Пяць гадоў таму гэтая фірма таксама пастаўляла беларускую тэхнічную соль у «ДНР» і ў «ЛНР». Сярод пакупнікоў — так званае «міністэрства будаўніцтва і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ДНР» і ўнітарныя прадпрыемствы «ЛНР» «Лугансквада» і «ЛРСК». Паводле зьвестак «Бюро», тады зь Беларусі ў «ДНР» і «ЛНР» вывезьлі больш за тысячу тон галіту на суму каля 111 тысяч долараў.

Дырэктар «АСК МК» Сяргей Кудзелка, бацька Данііла Кудзелкі, расказаў «Бюро», што яны самі праявілі ініцыятыву — выйшлі на «Беларуськалій» і сталі вазіць беларускую тэхнічную соль у «ДНР» і «ЛНР». «Соль зь Беларусі мы вазілі ў 2016-м, 2018-м, 2019-м. Цяпер пакуль не працуем. Нас не задавальняюць цэны. Яны прыкладна на 30-40% вышэйшыя, чым у той жа „Руссолі“. Атрымліваецца вельмі дорага», — сказаў Сяргей Кудзелка.

  • Яшчэ ў 2014 годзе ўкраінскія ўлады прызналі самаабвешчаныя «ЛНР» і «ДНР» тэрарыстычнымі арганізацыямі.
  • Генпракуратура Ўкраіны і СБУ завялі крымінальную справу па фактах злачыннай дзейнасьці прадстаўнікоў самаабвешчаных рэспублік. Міжнародная супольнасьць падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і лічыць так званыя «ЛНР» і «ДНР» землямі, акупаванымі Расеяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асноўны пакупнік — Кітай, цэны нізкія. Што адбываецца зь «Беларуськаліем»