У судзе Маскоўскага раёну Берасьця 11 верасьня пачаўся чарговы масавы суд паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках) за ўдзел у пратэстах 2020 году, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Па справе праходзяць адразу сем чалавек: Сяргей Філімонаў, Ігар Варановіч, Аляксандар Штык, Уладзіслаў Піскуновіч, Віталь Гіра, Яўген Мельнічук і Дзьмітры Посьнікаў. Усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў пасьлявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Ім пагражае да васьмі гадоў калёніі.
Пра затрыманьне некаторых зь іх справаздачыліся праўладныя тэлеграм-каналы. Так, 25 сакавіка апублікавалі відэа затрыманьня Ігара Варановіча — у кватэру да яго прыйшлі як мінімум пяцёра сілавікоў са зброяй, у бронекамізэльках і шаломах; мужчыну ў адной бялізьне павалілі на падлогу. Яўген Мельнічук на «пакаяльным відэа» сілавікоў ад 4 красавіка «прызнаўся» ў тым, што падчас акцыі «махаў рукой» натоўпу, кажучы «атачайце АМАП», і кідаў камяні.
Працэс вядзе сумнавядомы судзьдзя Яўген Брэган, на рахунку якога — сама меней 24 асуджаных паводле палітычных матываў.
Раней па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу ў Берасьці асудзілі 70 чалавек, адзначаюць праваабаронцы, цяпер берасьцейцаў за ўдзел у пратэстах судзяць паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадскі парадак).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На лаве падсудных — 10 чалавек: у Берасьці пачаўся новы масавы суд за ўдзел у пратэстах 2020 году- 9 верасьня ў Ленінскім раённым судзе Берасьця паралельна распачаліся два судовыя працэсы паводле ч. 1 арт. 342 КК, па іх агулам судзяць 10 чалавек.
- 4 верасьня адразу 11 чалавек у Берасьці і яшчэ двое ў Пінску паўсталі перад судом за ўдзел у пратэстах 2020 году. Іх судзяць паводле 342-га артыкулу КК — за ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
- Днямі ў Бярозе пачаўся суд над чатырма мясцовымі жыхарамі за ўдзел у акцыях пратэсту ў ноч з 10 на 11 жніўня 2020-га. Ім прысудзілі па 1 годзе 6 месяцаў калёніі кожнаму.
- Толькі з 2-га па 6 верасьня па ўсёй Беларусі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у пасьлявыбарных акцыях пратэсту 2020 году, паводле праваабаронцаў, судзілі як мінімум 33 чалавекі. Лідэрамі ў перасьледзе, паводле праваабаронцаў, застаюцца Менск і Берасьцейшчына. Паралельна працягваюцца затрыманьні.
- Паводле інфармацыі «Вясны», агулам з 2020 году паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу асудзілі ўжо амаль 2,6 тысячы чалавек.