Генпракурор прызнаў, што ў Беларусі расьце колькасьць выпадкаў хатняга гвалту

Ілюстрацыйнае фота

Колькасьць злачынстваў, зьвязаных з хатнім гвалтам, у Беларусі расьце, гэта праблема ня вырашаная, заявіў на пасяджэньні адміністрацыі Фрунзэнскага раёну Менску генпракурор Андрэй Швед.

На нарадзе абмяркоўвалі пытаньні прафіляктыкі правапарушэньняў.

Паводле інфармацыі Генпракуратуры, каля 80% злачынстваў, зьвязаных з хатнім гвалтам, зрабілі тыя, хто знаходзіцца на розных відах уліку ў органах унутраных спраў, «што сьведчыць пра сур’ёзны недагляд у працы з гэтай катэгорыяй злачынстваў».

Паводле Генпракуратуры, за 7 месяцаў 2024 году агульная колькасьць зарэгістраваных злачынстваў у Фрунзэнскім раёне Менску зьменшылася на 8,2%, пры гэтым на 76,1% вырасла колькасьць асабліва цяжкіх, на 48,6% — цяжкіх злачынстваў і на 25% узрасла колькасьць такіх злачынстваў, зьдзейсьненых раней судзімымі асобамі. Пракурор Фрунзэнскага раёну Андрэй Мурашка заявіў, што гэта стала магчымым «празь недахопы ў працы зацікаўленых суб’ектаў, у тым ліку тэрытарыяльнага УУС».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2023 годзе ў Беларусі ў суды паступіла больш за 60 тысяч спраў аб пабоях у сям’і
  • У 2023 годзе ў суды паступіла больш за 60 тысяч спраў паводле ч. 2 арт. 10.1 КаАП («Нанясеньне пабояў, якое не пацягнула за сабой прычыненьня цялесных пашкоджаньняў, наўмыснае прычыненьне болю, фізычных або псыхічных пакут, учыненыя да блізкага сваяка, члена сямʼі або былога члена сямʼі, або парушэньне ахоўнага прадпісаньня»), паведамляла ў ліпені прэс-служба Вярхоўнага суду. За такое правапарушэньне прадугледжаны штраф у памеры да 400 рублёў, грамадзкія работы ці адміністрацыйны арышт.
  • Паводле МУС, штогод у Беларусі фіксуюць каля 80 тысяч паведамленьняў пра хатні гвалт. На прафіляктычным уліку стаяць 21 тысяча чалавек, якія прымянялі гвалт дома.
  • Розныя віды хатняга гвалту зазнаюць 17,6% беларускіх гараджанак, якія маюць партнэра, сьведчаць зьвесткі апытаньня, праведзенага онлайн-лініяй для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp.org пры дапамозе Chatham House.
  • У Беларусі няма закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Адпаведны дакумэнт распрацоўвалі некалькі разоў, у кастрычніку 2018 году чарговы варыянт рэзка раскрытыкаваў Лукашэнка, назваўшы яго «дурасьцю, узятай найперш з Захаду». Пры гэтым 21 сакавіка 2023 году Лукашэнка на пашыранай нарадзе зь сілавікамі заявіў, што трэба «выкарчоўваць з нашага грамадзтва самымі жорсткімі мэтадамі» гвалт над жанчынамі і дзецьмі.
  • 6 сакавіка старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі Беларускага саюзу жанчын, начальніца галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы і ў справах моладзі Менгарвыканкаму Вольга Чамаданава ў адказ на пытаньне, ці неабходны ў Беларусі закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, заявіла, што беларусы жывуць у бясьпечнай краіне дзякуючы «працы праваахоўных органаў» і што «створаны ўсе ўмовы, каб людзі адчувалі сябе ў бясьпецы».
  • Пасьля атакі дзяржавы на не зьвязаныя з уладамі няўрадавыя арганізацыі ў Беларусі не засталося адзінай інфармацыйнай лініі для ахвяраў хатняга гвалту, а таксама грамадзкіх арганізацый, якія б ім дапамагалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку 2024 году ў Беларусі ад хатняга гвалту загінулі сама меней тры жанчыны