Пра гэта паведамляе польскае інфармацыйнае агенцтва PAP.
Летась Нямеччына ўзмацніла памежны кантроль на межах з Аўстрыяй, Польшчай, Чэхіяй і Швайцарыяй. Цяпер нямецкія ўлады абвясьцілі, што ўводзяць памежны кантроль на іншых сухапутных межах — з Францыяй, Люксэмбургам, Нідэрляндамі, Бэльгіяй і Даніяй.
Прэм’ер-міністар Туск заявіў у аўторак падчас сустрэчы з кіраўнікамі дыпляматычных установаў Польшчы, што «Польшчы патрэбны ўдзел такіх краін, як Нямеччына, у палітыцы, якую праводзіць Польшча — калі гаворка ідзе, напрыклад, пра нелегальную міграцыю». Кіраўнік ураду падкрэсьліў, што нельга пагадзіцца з такімі паводзінамі — адкрыць для ўсіх мяжу, а праз імгненьне яе закрыць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына ўводзіць часовы кантроль на ўсіх сухапутных межах«Мы чакаем заўтра рашэньня Нямеччыны ўзмацніць кантроль на межах з усімі суседзямі, у тым ліку, вядома, з Польшчай, і на ўсіх памежных пунктах. Гэтае рашэньне дэ-факта прыпыніць дзеяньне Шэнгенскага пагадненьня ў вялікім маштабе», — заявіў Туск. Ён дадаў, што гэта адбываецца «ў выніку памылак нямецкай, а ня польскай палітыкі шматгадовай даўнасьці».
«Я не сумняюся, што матывам гэтых жорсткіх крокаў зьяўляецца ўнутрыпалітычная сытуацыя ў Нямеччыне, а ня нашая палітыка ў дачыненьні да нелегальнай міграцыі на нашых межах», — сказаў ён.
«У найбліжэйшыя гадзіны мы зьвернемся да іншых краін, якія будуць закранутыя гэтымі рашэньнямі Бэрліну, з прапановай аб тэрміновых кансультацыях. З усімі суседзямі нямецкай дзяржавы», — паведаміў Туск.