Служба бясьпекі і Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны ідэнтыфікавалі асобу расейскага генэрала, які 8 ліпеня камандаваў ракетным ударам па мэдычным корпусе Нацыянальнай дзіцячай лякарні «Охматдит».
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні праваахоўных органаў Украіны, гэта генэрал-лейтэнант Сяргей Кабылаш, які на той момант служыў на пасадзе камандуючага далёкай авіяцыяй вайскова-паветраных сіл Паветрана-касьмічных сіл Расеі, а пасьля выкананьня ўдару па дзіцячым шпіталі яго прызначылі камандуючым Вайскова-паветранымі сіламі Расеі.
«За пэрыяд расьсьледаваньня СБУ разам з Офісам генпракурора правялі калясальную працу. Мы дапыталі 112 пацярпелых і 50 відавочцаў, правялі выбухова-тэхнічныя, судова-мэдычныя і іншыя экспэртызы, прааналізавалі відэа з камэр назіраньня», — паведаміў намесьнік кіраўніка СБУ Сяргей Наўмюк.
Паводле яго, дзіцячую лякарню абстраляла 22-я гвардзейская авіяцыйная дывізія далёкай авіяцыі Паветрана-касьмічных сіл Расеі. Ракета Х-101 увайшла ў паветраную прастору Ўкраіны ў Чарнігаўскай вобласьці і пачала манэўраваць, зьмяняючы траекторыю палёту праз тэрыторыі чатырох іншых рэгіёнаў краіны. Праз паўтары гадзіны пасьля запуску над Саратаўскай вобласьцю Расеі ракета пацэліла ў дзіцячую лякарню ў Кіеве. У выніку ўдару загінулі два чалавекі, у тым ліку дзіцячы лекар-нэфроляг, і 35 чалавек атрымалі раненьні, у тым ліку 9 дзяцей.
Сяргею Кабылашу завочна выставілі падазрэньне паводле ч. 2 артыкула 28, ч. 2 артыкула 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — парушэньне законаў і звычаяў вайны, аб’яднанае з наўмысным забойствам, учыненае паводле папярэдняй змовы групай асобаў.
«Кабылаш зьяўляецца падазраваным і ў іншых ваенных злачынствах ва Ўкраіне. У прыватнасьці, пад ягоным кіраўніцтвам ажыцьцяўляліся абстрэлы цывільнай энэргетычнай інфраструктуры ў 2022–2023 гадах. У сакавіку 2024 году Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Кабылаша за гэтыя ваенныя злачынствы», — падкрэсьліў Сяргей Наўмюк.
«Охматдит» — найбуйнейшая дзіцячая лякарня Ўкраіны. Штогод у ёй лечаць больш за 20 тысяч дзяцей з усёй краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў у жалобе пасьля расейскай атакі на шпіталь «Охматдит». Што вядома на гэты момант і якая міжнародная рэакцыя