З нагоды гадавіны арганізавалі імпрэзу, на якой выступілі прэзыдэнт кампаніі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стывэн Капус, дырэктар украінскай службы Мар’яна Драч, журналісты рэдакцыі, прэзыдэнт Сусьветнага кангрэсу ўкраінцаў Павал Грод, Аляксандра Матвійчук з «Центру громадянських свобод», прадстаяцель Праваслаўнай царквы Ўкраіны Эпіфаній і іншыя.
Стывэн Капус у сваёй прамове заклікаў да вызваленьня журналіста Радыё Свабода Ўладзіслава Есіпенкі (праект Крым.Реалии), які знаходзіцца ў расейскім палоне з 2021 году. Госьці імпрэзы мелі магчымасьць напісаць кароткі ліст журналісту. З заклікам да прысутных падтрымаць ініцыятыву рэдакцыі са сцэны зьвярнулася ягоная жонка Кацярына. Лісты плянуюць перадаць у расейскую калёнію.
«Некаторыя нашыя журналісты ў турме. Таму сёньня я хачу сказаць: журналістыка — гэта не злачынства, Улад Есіпенка павінен вярнуцца дадому», — падкрэсьліў у віншавальнай прамове прэзыдэнт Радыё Свабода.
Ён дадаў, што ўсе гэтыя гады Радыё Свабода змагалася за свабоду слова і дэмакратыю і працягвае рабіць гэта і далей, падчас вайны Расеі супраць Украіны, «паказваючы сьвету ўсё, што адбываецца ва Ўкраіне, зьвязанае з вайной».
У гонар 70-годзьдзя на імпрэзе паказалі дакумэнтальны сюжэт аб працы ўкраінскай рэдакцыі на працягу ўсіх гадоў існаваньня, а таксама фотавыставу пра гісторыю рэдакцыі. Дырэктар украінскай службы Мар’яна Драч, у прыватнасьці, прыгадала, як Радыё Свабода працавала ва Ўкраіне ў часы савецкай улады.
«За 70 гадоў існаваньня Радыё Свабода асьвятляла рэзанансныя і грамадзка важныя тэмы, прабівалася скрозь жалезную заслону, цэнзуру і глушылкі Савецкага Саюзу», — расказала Мар’яна Драч.
Кіраўніца ўкраінскай службы таксама згадала прадусарку Радыё Свабода Веру Гірыч, якая загінула ў 2022 годзе ва ўласнай кватэры ад расейскай ракеты.
Ваенны карэспандэнт Радыё Свабода Мар’ян Кушнір, які з 2014 году асьвятляе вайну ва Ўкраіне, у сваім выступе падзякаваў Сілам абароны Ўкраіны і дадаў, што журналісты будуць паказваць вайну, пакуль Украіна будзе змагацца за незалежнасьць.
«Ваенны журналіст павінен быць там, куды ступае нага пехацінца. Менавіта ўкраінскі пяхотнік, вызваляючы дзяржаву ад акупацыйных сіл, творыць гісторыю. Мы, журналісты, павінны дакумэнтаваць гэтую гісторыю», — сказаў Мар’ян Кушнір.
Таксама слова мелі ўкраінскі журналіст і аглядальнік Радыё Свабода з 1990 году Віталь Портнікаў, аўтар Радыё Свабода, публіцыст і былы палітвязень Станіслаў Асееў. Сярод гасьцей былі палітыкі, вайскоўцы, прадстаўнікі духавенства розных канфэсіяў, праваабаронцы і былыя палітвязьні, журналісты.
Першая перадача ўкраінскай рэдакцыі Радыё Свабода (на той час Радыё Вызваленьне) выйшла ў эфір у 1954 годзе з Мюнхэну.
Місія службы, якая цяпер мае бюро ў Кіеве і Львове, заключаецца ў прасоўваньні дэмакратычных каштоўнасьцяў і інстытутаў, а таксама ў зацьвярджэньні правоў чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі сьвята. Як у Вільні адзначылі 70-годзьдзе беларускай службы Радыё Свабода ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радыё Свабода — 70 гадоў. Раскрываем сакрэты сваёй працы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Лукашук: Радыё Свабода — там, дзе няма цемнаты