Супрацоўнікі расейскай Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў у калёніях абыходзяць вязьняў зь Беларусі, Украіны, краінаў Цэнтральнай Азіі і заходніх краін з прапановай напісаць згоду на адпраўку на радзіму для далейшага адбыцьця пакараньня.
Пра гэта выданьню «Важные истории» расказалі крыніца ў адной з калёніяў і праваабаронца Іван Асташын.
Як расказаў праваабаронцу Асташыну грамадзянін Украіны, які трапіў у калёнію ў Варонескай вобласьці і доўгі час дамагаўся права адбываць пакараньне на радзіме, на днях да яго прыйшоў начальнік атраду і прапанаваў напісаць заяву на адпраўку ў зьняволеньне ва Ўкраіну.
Вязень даведаўся ад саміх супрацоўнікаў Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў і «блатных» у калёніі, што кіраўніцтва службы выкананьня пакараньняў вырашыла выслаць асуджаных іншаземцаў з усіх пэнітэнцыярных установаў, асьцерагаючыся паўтарэньня нядаўніх тэрактаў у СІЗА Растова-на-Доне і ПК-19 Валгаградзкай вобласьці.
Крыніца «Важных историй», знаёмая з сытуацыяй у ПК-17 Мардовіі, расказала, што кіраўніцтва калёніі выклікала да сябе ўсіх зьняволеных іншаземцаў пад маркай «вывучэньня статыстыкі» і прапанавала напісаць аналягічныя заявы. Пасьля гэтага да адпраўкі на радзіму пачалі рыхтаваць зьняволенага зь Беларусі. Раней з калёніі часта адпраўлялі дадому грамадзян Кіргізстану, іх у калёніі цяпер засталося трое і яны таксама чакаюць адпраўкі, адзначыў суразмоўца выданьня.
Акрамя грамадзян краін былога СССР, паводле крыніцы, заяву на адпраўку на радзіму ў гэтай калёніі напісалі двое грамадзян ЗША, асуджаных паводле артыкулаў аб распаўсюджваньні наркотыкаў і, як мяркуецца, згвалтаваньні, а таксама грамадзянін Польшчы, якога ў 2019 годзе асудзілі на 14 гадоў калёніі за шпіянаж (арт. 276 КК). Пры гэтым для асуджаных за шпіянаж не прадугледжана працэдура перадачы на радзіму для адбыцьця пакараньня. Крыніца выданьня кажа, што вязьні з ЗША і Польшчы «спадзяюцца на абмен».
У ПК-17 Мардовіі паводле артыкулу «шпіянаж» адбываў пакараньне амэрыканец Пол Уілан, перададзены ў ЗША ў рамках маштабнага абмену паміж Расеяй і Захадам 1 жніўня.
«Я так разумею, супрацоўнікам Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў проста прыслалі разнарадку прымусіць усіх іншаземцаў пісаць згоду на адбыцьцё пакараньня на радзіме. А самі яны не разьбіраюцца, шпіянаж там ці не, [таму даюць усім на запаўненьне аднолькавую форму]», — камэнтуе гэтую калізію праваабаронца і былы палітвязень Іван Асташын.
Адвакат праваабарончай арганізацыі «Першы аддзел» Яўген Сьмірноў у гутарцы з выданьнем выказаў думку, што перадачу зьняволеных на радзіму могуць аформіць як простую дэпартацыю, бо для экстрадыцыі патрэбен запыт ад іншай краіны на выдачу зьняволенага.
- 16 чэрвеня шасьцёра арыштантаў СІЗА-1 Растова, дзейнічаючы ад імя «Ісламскай дзяржавы», узялі ў закладнікі дваіх супрацоўнікаў Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў (ФСВП). Пры штурме пяць тэрарыстаў забілі, аднаго паранілі. Нападнікі былі ўраджэнцамі Стаўрапольля, Дагестана і Інгушэціі. Пасьля кіраўніцтва растоўскага ГУ ФСВП часткова пайшло ў адстаўку, яшчэ чатырох супрацоўнікаў звольнілі.
- 23 жніўня ў ПК-19 Суравікіна Растоўскай вобласьці чатыры ўраджэнцы Таджыкістану і Узбэкістану, таксама ад імя «Ісламскай дзяржавы», узялі ў закладнікі пяцярых супрацоўнікаў калёніі і некалькі вязьняў. Чатырох супрацоўнікаў яны забілі, пасьля штурму на відэа таксама трапілі целы закладнікаў зь ліку вязьняў. Акрамя таго, сілавікі забілі і саміх баевікоў.