За год колькасьць расейцаў, якія падпісваюць кантракты на службу ў расейскай арміі, вырасла больш як у шэсьць разоў, сьцьвярджае выданьне «Важные истории», грунтуючыся на дадзеных аб выдатках фэдэральнага бюджэту.
Згодна з гэтымі дадзенымі, калі за першае паўгодзьдзе мінулага году аднаразовую выплату за падпісаньне кантракту атрымалі 26 тысяч 700 чалавек, то за той жа пэрыяд бягучага году — 166 тысяч.
Адзначаецца, што рэзкі рост колькасьці кантрактнікаў зьвязаны, перш за ўсё, з павелічэньнем выплатаў.
У Маскве памер аднаразовай узнагароды для тых, хто падпісаў дамову зь Мінабароны, дасягнуў 1,9 мільёна рублёў (21 тысяча даляраў), у Падмаскоўі — 1,7 млн рублёў (19 тысяч даляраў), у Растоўскай вобласьці — 1,2 млн рублёў (13 тысяч даляраў), у Башкірыі і Дагестане — паўмільёна рублёў (6 тысяч даляраў).
Такім чынам, толькі з красавіка па чэрвень служыць у расейскае войска па кантракце адправіліся амаль 93 тысячы чалавек.