Беларусы, старэйшыя за 60 гадоў, змогуць падаць дакумэнты на польскую гасьцявую візу без папярэдняй рэгістрацыі, паведамляе VFS Global.
«Зь 9 верасьня 2024 году заяўнікі, старэйшыя за 60 гадоў, могуць ажыцьцяўляць падачу дакумэнтаў на візу па запрашэньні ад дзяцей і ўнукаў, завераным у ваяводзтве, без папярэдняй рэгістрацыі ва ўсіх візавых цэнтрах Польшчы», — піша VFS Global.
Па гэтую візу могуць зьвяртацца тыя, хто накіроўваецца ў Польшчу з мэтай паездкі ў госьці да сям’і і знаёмых, «статус знаходжаньня якіх на тэрыторыі Польшчы пацьверджаны заканадаўча, у тым ліку ў госьці да дзяцей, якія вучацца ў навучальных установах Польшчы», гаворыцца на сайце VFS Global.
Пры падачы дакумэнтаў трэба ўлічваць тэрытарыяльную юрысдыкцыю консульстваў. Гэта значыць, што, напрыклад, нельга падаць дакумэнты ў Берасьцейскай вобласьці, маючы прапіску Горадзенскай вобласьці.
На канец траўня зь дзейнымі дазволамі ў Польшчы пражывалі 131 318 грамадзян Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За паўгода колькасьць легалізаваных у Польшчы беларусаў вырасла на 10% і дасягнула 131 тысячы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Візавыя цэнтры Польшчы ўвялі зьмены для студэнтаў і тых, хто падае дакумэнты ў Горадні і Лідзе