Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што парушэньне Расеяй паветранай прасторы NATO сьведчыць аб неабходнасьці ўзмацненьня супрацьпаветранай абароны краін Балтыі.
«Літва асуджае парушэньні Расеяй паветранай прасторы NATO і падтрымлівае пацярпелых хаўрусьнікаў. Новы інцыдэнт у Латвіі паказвае, што мы павінны ўзмацніць супрацьпаветраную абарону краін Балтыі. Мадэль ратацыйнай супрацьпаветранай абароны трэба рэалізаваць, як гэта ўзгаднілі на саміце ў Вільні», — напісаў Гітанас Наўседа на сваёй старонцы на плятформе Х.
7 верасьня ў Рэжыцкім (Рэзэкнэ) краі Латвіі ўпаў бесьпілётнік, які, як мяркуецца, мог прыляцець з тэрыторыі Беларусі. Інфармацыі аб пацярпелых і пашкоджаньнях не было. Латвійскія вайскоўцы і іншыя ўпаўнаважаныя службы праводзяць расьсьледаваньне.
У Мінабароны Латвіі паведамілі, што праінфармавалі камандаваньне NATO аб інцыдэнце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі разьбіўся расейскі бесьпілётнік, які мог заляцець зь Беларусі
Прэзыдэнт Латвіі Эдгар Рынкевіч пацьвердзіў інфармацыю аб падзеньні бесьпілётніка, дадаўшы, што колькасьць такіх інцыдэнтаў расьце на ўсходнім флянгу Альянсу. За час поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне аскепкі расейскіх ракет і бесьпілётнікаў больш за 20 разоў знаходзілі на тэрыторыі суседніх краін. Сярод іх — Румынія, Польшча, Малдова, Балгарыя, Харватыя і Беларусь.