Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне (НАУ) перадала ў Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы матэрыялы для ўвядзення новых пэрсанальных санкцый супраць датычных да міграцыйнага крызісу на мяжы, паведамляе прэс-служба НАУ.
«Фактычнае ажыцьцяўленьне незаконнага перасячэньня мігрантамі дзяржаўнай мяжы адбываецца пад кіраўніцтвам вышэйшых службовых асобаў Дзяржаўнага памежнага камітэта Рэспублікі Беларусь, падпарадкаваных асабіста Лукашэнку», — гаворыцца ў рэлізе.
Таксама перададзены «адпаведныя дадзеныя на прапагандыстаў рэжыму Лукашэнкі, якія ажыцьцяўляюць інфармацыйнае суправаджэньне гэтай «гібрыднай агрэсіі».
Усяго ў сьпісе «20 сілавікоў і 26 прапагандыстаў».
Раней НАУ «ужо ініцыявала і дабілася ўнясеньня ў санкцыйны спіс ЭЗ і нацыянальны санкцыйны спіс Польшчы кіраўніцтва ДПК Беларусі і прапагандыстаў, якія маюць дачыненне да падрыхтоўкі незаконнай міграцыі на тэрыторыю Польшчы», падкрэсьліваецца ў паведамленьні.
- За шэсьць дзён верасьня Літва спыніла 59 спроб мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз зьвестак Службы аховы дзяржаўнай мяжы гэтай краіны.
- Дзяржаўная памежная ахова Латвіі 1–6 верасьня папярэдзіла 66 спробаў мігрантаў незаконна трапіць зь беларускай тэрыторыі.
- Памежная ахова Польшчы пакуль адчыталася толькі па пяці днях верасьня, за якія было спынена 485 спроб парушэньня мяжы з боку Беларусі.
- Без уліку польскіх зьвестак па папярэднім дні з пачатку года суседнія краіны ЭЗ папярэдзілі 28.991 спробу нелегальнага перасячэньня мяжы зь беларускай тэрыторыі (-1,2% у параўнанні з тым жа перыядам 2023 года, калі было зафіксавана 29.332 — з аналагічнай папраўкай на Польшчу). На Польшчу прыпадае 84% усіх спроб, Латвію — 14%, Літву — 2%.
- Міграцыйны крызіс на мяжы з ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 года.
- Паводле інфармацыі НАУ, прарвацца праз мяжу з пачатку бягучага года спрабавалі грамадзяне 49 краінаў.