7 верасьня старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка расказаў пра тое, што ў Беларусі ўжо пачалі падрыхтоўку «патэнцыйных арганізатараў выбараў».
«На сыстэмнай аснове мы пачалі гэту падрыхтоўку (патэнцыйных арганізатараў — рэд) праз Акадэмію кіраваньня. Выходзім на лякальную падрыхтоўку ў рэгіёнах», — паведаміў Карпенка.
Паводле яго, у прыватнасьці, на базе інстытутаў разьвіцьця адукацыі, у тым ліку і у Гомлі, адчыняюць адпаведныя курсы «для тых патэнцыйна людзей, якія заўтра будуць працаваць у камісіях — тэрытарыяльных, акруговых, участковых».
Паводле Карпенкі, рашэньне аб даце выбараў прыме парлямэнт, і пасьля гэтага ЦВК «пачне арганізацыю ўсіх працэсаў».
Наступныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны прайсьці не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнцкія выбары ў лютым 2025-га? Чаму такое магчыма- Раней аб’яднаньне былых сілавікоў BELPOL паведаміла, што беларускія ўлады вырашылі правесьці прэзыдэнцкія выбары датэрмінова і ўжо нібыта прызначылі дату — 23 лютага 2025 году — і распрацавалі падрабязныя пляны «выбарчай кампаніі».
- Апошнія прэзыдэнцкія выбары прайшлі ў Беларусі 9 жніўня 2020 году ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў. Паводле агучаных ЦВК зьвестак, Аляксандар Лукашэнка набраў 80,1%, Сьвятлана Ціханоўская — 10,2%. На шмат якіх участках незалежныя назіральнікі фіксавалі несумненную перавагу Ціханоўскай.
- Ужо ўвечары 9 жніўня пачаліся масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткія затрыманьні. Апошнія набылі маштаб рэпрэсіяў, якіх не было ў найноўшай гісторыі Беларусі.
- Вынікі выбараў 2020 году не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Краіны Захаду пасьля выбараў неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.