У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» паблік «УКантакце» на 117 тысяч чалавек

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі чарговы раз пашырылі сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У яго, у прыватнасьці, трапілі старонка ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» «Гомель Online», на якую падпісаныя 117 тысяч чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Адпаведнае рашэньне прынятае судом Чыгуначнага раёну Гомля 6 верасьня.

Таксама ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Арийская оргия», «Родны Лунінец», «Телеграф. Новости», «Телеграф UA Новини України», «Ихтиандры центр», «ихтиандры штаб»;
  • Старонкі ва «УКантакце» «Минск Online», «Лида — наш город»;
  • Сайты Telegraf.nеws, franak.оrg;
  • Суполкі ў Viber «Телеграф», «ТЕЛЕГРАФ — НОВИНИ УКРАЇНИ ТА СВІТУ»;
  • Youtube-канал і старонка ў Фэйсбуку «Telegraf UA»;
  • Старонкі ў сацыяльнай сетцы Х «Телеграф», «DW українською», «Голос Америки Українською», «Franak Viačorka», «Alex Kokcharov»;
  • профіль у фэйсбуку актывіста і экс-палітвязьня Сяргея Пятрухіна;
  • Старонка ў «Одноклассниках» «Дубровно Чемурако».

Раней стала вядома, што суд у Беларусі прызнаў «экстрэмісцкімі» матэрыяламі тэлеграм-каналы Doxa і Avtozak LIVE. Згодна са сьпісам «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, апублікаваным на сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі, рашэньне было прынята 30 жніўня і «падлягае неадкладнаму выкананьню».

  • У Беларусі з 2020 году прызналі «экстрэмісцкімі» ўсе незалежныя СМІ, а таксама сотні тэлеграм-каналаў, старонак і суполак у сацыяльных сетках, каналаў Youtube і інш. за распаўсюд інфармацыі, якая супярэчыць афіцыйнай пазыцыі беларускіх уладаў ці крытыкуе рэжым Лукашэнкі. У «Рэспубліканскім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў», які вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі, пералік такіх матэрыялаў займае ўжо больш за 1230 старонак.
  • Толькі ў 2023 годзе беларускія суды вынесьлі каля 900 рашэньняў аб прызнаньні «экстрэмісцкімі матэрыяламі» рознай «інфармацыйнай прадукцыі, сымболікі, атрыбутыкі, друкаваных і кніжных выданьняў», зьместу сайтаў і старонак у сацыяльных сетках незалежных СМІ, арганізацый, буйных тэлеграм-каналаў і г.д.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Беларусі прапанавала блякаваць «экстрэмісцкі кантэнт» на этапе дасьледчай праверкі