Навіны палітвязьняў: асуджанага на 20 гадоў калёніі анархіста Сяргея Раманава зноў будуць судзіць

Сяргей Раманаў, архіўнае фота

Па стане на 7 верасьня ў Беларусі 1367 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных паводле палітычных матываў можа быць большай.

Анархіста Сяргея Раманава, у канцы 2021 году асуджанага на 20 гадоў калёніі, зноў будуць судзіць — гэтым разам паводле артыкулу аб злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі (арт. 411 Крымінальнага кодэксу), паведамляе тэлеграм-канал анархістаў «АЧК-Беларусь».

Раманава судзяць паводле гэтага артыкулу ўжо другі раз. Як паведамляюць аўтары канала, суд над ім, верагодна, пройдзе ўжо ў верасьні.

Цяпер палітвязень знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу ў ПК-9 у Горках, куды яго зьмясьцілі ў ліпені на пяць месяцаў. Да гэтага Раманаў ужо правёў паўгода ў ПКТ, адкуль выйшаў на пачатку траўня.

Ужо больш за месяц ад яго не прыходзяць лісты.

  • У сьнежні 2021 году Раманава судзілі па справе чатырох анархістаў з групы Ігара Аліневіча. Яго абвінавацілі паводле артыкулаў аб тэрарызьме (частка 2 артыкула 289 КК) і незаконным абароце зброі (часткі 2 і 3 артыкула 295 КК). 22 сьнежня 2021 году Менскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калёніі; Рэзановічу — 19 гадоў калёніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калёніі. Суд зь першага паседжаньня адбываўся ў закрытым рэжыме.
  • У сакавіку 2023 году суд Ваўкавыскага раёна прысудзіў Раманаву яшчэ 11 месяцаў калёніі паводле артыкулу аб «злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Касьцюка зьбіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым, Аліневіча нядаўна зьмяшчалі ў ШЫЗА, а Раманаў адбыў паўгода ў ПКТ