Бесьпілётнік быў «знойдзены і прыгнечаны» у Астрагоскім раёне раніцай 7 верасьня, паведаміў губэрнатар Варонескай вобласьці Аляксандар Гусеў. Паводле яго, у выніку падзеньня бесьпілётніка «ўзьнік пажар, які перайшоў на выбухованебясьпечныя прадметы, — пачалася дэтанацыя».
Паводле папярэдніх зьвестак, пацярпелых няма.
Першапачаткова Гусеў паведаміў пра эвакуацыю «ў суседні населены пункт» жыхароў адной вёскі. Праз паўгадзіны губэрнатар напісаў, што эвакуаваць будуць ужо некалькі сёлаў. Якія менавіта, ён не ўдакладніў.
Маніторынгавыя тэлеграм-каналы пішуць, што дрон трапіў у склад боепрыпасаў, і публікуюць відэа, на якіх выразна чуваць выбухі. Мясцовыя жыхары паведамлялі, што дэтанацыя працягваецца ўжо некалькі гадзін.
Мінабароны Расеі пра зьнішчэньне бесьпілётнікаў у Варонескай вобласьці не паведамляла. Паводле ведамства, у ноч на 7 верасьня па два дроны зьбілі над Курскай і Белгародзкай абласьцямі. У гэтых атаках Мінабароны зноў абвінаваціла Ўкраіну.
«Выбухованебясьпечныя аб’екты» ў Астрагоскім раёне ўжо дэтанавалі два тыдні таму — таксама з прычыны «прыгнечаньня» дронаў, даваў справаздачу Гусеў. Тады выбухі працягваліся амаль двое сутак. Была абвешчана эвакуацыя, падчас якой зьехалі каля шасьцісот чалавек.
- Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну расейскія рэгіёны рэгулярна зазнаюць абстрэлы і атакі бесьпілётнікаў. Мінабароны Расеі дае справаздачу аб «спыненьні» ўкраінскіх атак і паведамляе пра зьбітыя ракеты і дроны над тэрыторыяй Расеі. У выніку атак нярэдка ёсьць разбурэньні і ахвяры. У большасьці выпадкаў Кіеў гэтыя паведамленьні не камэнтуе.