Затрыманыя чальцы групоўкі «Руская праваслаўная царква — Царская Імпэрыя» ўзятыя пад варту ў Беларусі

Сядзіба ГУБАЗіКу ў Менску

Сябры групоўкі «Руская праваслаўная царква — Царская Імпэрыя», затрыманыя ў Беларусі, узятыя пад варту.

Пра гэта паведамляе Сьледчы камітэт, які называе «Рускую праваслаўную царкву — Царская Імпэрыя» сэктай.

Ім прад’яўленыя абвінавачаньні ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні ім, стварэньні рэлігійнай арганізацыі, якая замахваецца на асобу, правы і абавязкі грамадзянаў, і кіраваньні ёю. Адзін з абвінавачаных, які знаходзіцца за межамі Беларусі, абвешчаны ў вышук.

Як паведамляе Сьледчы камітэт, чальцы групоўкі выступаюць за стварэньне «трыадзінай Русі». Яны селяцца невялікімі грамадамі ў глухіх вёсках. Кіраўнікі пераконваюць пасьлядоўнікаў адмовіцца ад дакумэнтаў, сацыяльных выплатаў, мэдыцыны і разарваць усе сувязі са зьнешнім сьветам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманых у справе сэкты «Руская праваслаўная царква — Царская Імпэрыя» ўжо 11 чалавек

СК заяўляе, што з траўня 2023 году фігуранты справы арганізавалі сетку інтэрнэт-рэсурсаў па вярбоўцы новых адэптаў.

Беларускай ячэйкай групоўкі, паводле зьвестак сьледзтва, кіраваў «мітрапаліт». Ён даваў указаньні на падрыхтоўку агітацыйных матэрыялаў і напісаньне «малітваў». СК заяўляе, што падобныя групоўкі дзейнічаюць у Расеі, Украіне і Малдове.

У канцы жніўня ГУБАЗіК затрымаў 11 чальцоў групоўкі, якая была прызнаная экстрэмісцкім фармаваньнем.

Яе заснавальнік — двойчы судзімы ўраджэнец Казахстану Леанід Уласаў. Асноўным патрабаваньнем для ўступленьня ў арганізацыю была «клятва вернасьці да апошняй кроплі крыві імпэратару».