Японія заявіла Беларусі пратэст у сувязі з арыштам і абвінавачаньнямі ў адрас свайго грамадзяніна Масатосі Наканісі. Пра гэта выданьню Kyodo паведаміла крыніца, абазнаная ў сытуацыі.
Праз пасольства Японіі ў Беларусі дыпляматы адзначылі, што публікацыяй такога відэа афіцыйны Менск парушыў правы чалавека.
Галоўны сакратар кабінэту міністраў Ёсімаса Хаясі заявіў на прэс-канфэрэнцыі, што праграма, паказаная на беларускім канале, была «вартай жалю».
«Мы дамо ўсю магчымую падтрымку, каб абараняць нашых суайчыньнікаў», — заявіў прадстаўнік японскага ўраду.
У праграме пад назвай «Няўдача самурая з Токіё» паведамлялася, што супраць 50-гадовага японца, які раней працаваў у мясцовай навучальнай установе на паўднёвым усходзе Беларусі настаўнікам японскай мовы, праводзіцца расьсьледаваньне па абвінавачваньні ў шпіянажы.
Сувязі паміж Японіяй і Беларусьсю пагоршыліся, паколькі Менск актыўна ўдзельнічаў у падтрымцы ўварваньня Масквы ва Ўкраіну, якое пачалося ў лютым 2022 году, дадае выданьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Японіі пацьвердзілі затрыманьне свайго суайчыньніка ў БеларусіЗатрыманьне японца ў Беларусі
Затрыманага ў Беларусі японца Масатосі Наканісі абвінавачваюць у агентурнай дзейнасьці (арт. 358-1 Крымінальнага кодэксу), расказаў у сюжэце дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» начальнік сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак.
Як вынікае зь сюжэту, у Беларусь Масатосі Наканісі пераехаў у 2018 годзе. Тут ён узяў шлюб зь беларускай, які прапагандысты называюць «фіктыўным».
Таксама, паводле прапагандыстаў, Наканісі адкрыў у Беларусі фіктыўную кампанію «БелНіханінтэрнэшнл», якая за 6 гадоў «не прынесла ніякага прыбытку». Затое празь яе японец, паводле сюжэту «Беларусь-1», «зьбіраў дзелавую інфармацыю» і «зьвязваўся з такімі кампаніямі, як „Контэ“, „Малочны сьвет“, „Чырвоны харчавік“, „Спартак“, Гомельскай і Магілёўскай свабоднымі эканамічнымі зонамі», «праяўляў неабгрунтаваную цікавасьць, напрыклад, па супрацоўніцтве з Кітаем», заявілі прапагандысты.
Ягоную працу выкладчыкам японскай мовы ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Скарыны ў сюжэце называюць «прыкрыцьцём». І таксама абвінавацілі ў фатаграфаваньні вайсковай тэхнікі каля ўкраінскай мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманага ў Беларусі японца абвінавачваюць паводле артыкулу аб «агентурнай дзейнасьці», ён у СІЗА КДБ