Дата дня
6 верасьня 2021 году вынесьлі прысуд палітзьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 гадоў — Знаку. Судзьдзя — Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньне ім.
Марыя Калесьнікава знаходзіцца ў гомельскай жаночай калёніі ў рэжыме інкамунікада (бяз сувязі з вонкавым сьветам): блізкія ня ведаюць пра яе нічога больш за год, яна ізаляваная ад іншых вязьняў, не атрымлівае ні лістоў, ні перадач. Больш за паўтара года яе трымаюць у памяшканьні камэрнага тыпу і пэрыядычна зьмяшчаюць яшчэ і ў ШЫЗА.
Юрыст Максім Знак таксама знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада зь лютага 2023 году. У зьняволеньні ён напісаў ужо тры кнігі. Ягоная кніга «Зэкамэрон» стала адным зь пераможцаў беларускай літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес», а пераклад яе на ангельскую трапіў у лік 15 кніг, уганараваных прэміяй Ангельскага ПЭНу PEN Translates за найлепшы пераклад году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фактычна Марыя ў калёніі галадае. Чулі, што яна важыць 45 кіляграмаў», — сястра палітзьняволенай Калесьнікавай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла новая «турэмная» кніга палітзьняволенага юрыста Максіма Знака
Таксама ў гэты дзень
1492 ― Хрыстафор Калюмб пачаў з Канарскіх астравоў сваю першую экспэдыцыю.
1790 ― Чатырохгадовы Сойм прыняў ухвалу пра непадзельнасьць земляў Рэчы Паспалітай.
1933 ― абмен на савецка-польскай мяжы ў Коласаве. Францішак Аляхновіч вяртаецца з «капцюроў ГПУ» ў Заходнюю Беларусь. Браніслава Тарашкевіча з горадзенскай вязьніцы перадаюць у СССР.
1941 ― нацысцкія ўлады запатрабавалі ад усіх нямецкіх габрэяў, старэйшых за 6 гадоў, насіць на грудзёх шасьціканцовую зорку Давіда.
1952 ― у Жэнэве падпісалі Ўсясьветнаю канвэнцыю аб аўтарскім праве.
1954 — у Менску адкрыты Беларускі інстытут мэханізацыі сельскай гаспадаркі (з 1992 году — Беларускі аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт).
1991 — на паседжаньні Дзяржаўнага савету СССР пад старшынствам Міхаіла Гарбачова прызналі незалежнасьць Літвы, Латвіі і Эстоніі.
1991 — Чачэнія абвясьціла незалежнасьць.
1997 — у Менску адбыўся ўстаноўчы сойм «Маладога Фронту».
2000 ― у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку пачаўся найвялікшы ў гісторыі саміт з удзелам 150 кіраўнікоў дзяржаў і іншых высокіх асобаў. Актывісты беларускай дыяспары пікетавалі штаб-кватэру ААН зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і лёзунгамі супраць Аляксандра Лукашэнкі.
У гэты дзень нарадзіліся
1751 — Салямон Майман, беларускі і габрэйскі філёзаф.
1792 ― Іван Грыгаровіч, беларускі гісторык, археограф, сьвятар.
1903 ― Мікола Дварэцкі, беларускі дзеяч хрысьціянскай дэмакратыі, паэт.
1907 — Леанід Рахленка, беларускі актор і рэжысэр.
У памяці
1656 ― Піліп Абуховіч, вайсковы і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мэмуарыст.
1907 ― Сюлі-Прудом, францускі паэт, першы нобэлеўскі ляўрэат у галіне літаратуры.
1921 ― Кандрат Лейка, беларускі пісьменьнік і пэдагог, пачынальнік беларускай дзіцячай літаратуры.
1954 ― Уладзімер Марзон, беларускі хірург.
1998 ― Акіра Курасава, японскі рэжысэр.
2007 ― Лючана Павароці, італьянскі сьпявак-тэнар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фактычна Марыя ў калёніі галадае. Чулі, што яна важыць 45 кіляграмаў», — сястра палітзьняволенай Калесьнікавай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіліся сьведчаньні пра зьдзекі з палітзьняволенай Калесьнікавай у Гомельскай калёніі