На вечар 5 верасьня праваабаронцам агулам вядомыя прозьвішчы сямі палітвязьняў, вызваленых па памілаваньні, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бясьпекі вязьняў і пакуль не публікуюць прозьвішчы вызваленых.
Раней сталі вядомыя прозьвішчы трох вызваленых па памілаваньні палітзьняволеных жанчын. На волю выйшлі:
- актывістка руху «Маці-328» Марына Кісялевіч, асуджаная па двух дыфамацыйных артыкулах: ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку),
- прадпрымальніца Вікторыя Гаўрыліна, асуджаная на 3 гады і 3 месяцы калёніі (яе прызналі вінаватай у нясплаце падаткаў, зьліве зьвестак сілавікоў, удзеле ў пляне «Перамога», фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці),
- мэнэджарка кампаніі EPAM, 34-гадовая жыхарка Берасьця Дзіяна Завадзкая, асуджаная на пазбаўленьне волі (тэрмін праваабаронцам невядомы) па арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і арт. 361-3 КК (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або збройным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу).
4 верасьня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка памілаваў яшчэ 30 чалавек, асуджаных за «злачынствы пратэставай накіраванасьці», падпісаўшы ўказ № 343 «Аб памілаваньні асуджаных».
Паведамляецца, што сярод памілаваных — 7 жанчын і 23 мужчыны, большасьць асуджаных — бацькі непаўналетніх і малалетніх дзяцей. Як удакладніў генпракурор Беларусі Андрэй Швед, большасьць з 30 памілаваных былі асуджаныя паводле артыкулаў аб «абразе» і «паклёпе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васкрасенскі: Памілаваных Лукашэнкам палітвязьняў выключаюць са сьпісаў «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў»- 3 ліпеня выйшлі на волю 18 палітзьняволеных. Сярод іх — 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку асуджаны на 10 гадоў калёніі і хворы на анкалёгію Рыгор Кастусёў.
- 16 жніўня Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 30 палітзьняволеных, сярод якіх 14 жанчын і 16 мужчын, некаторыя зь іх маюць сур’ёзныя захворваньні. Прозьвішчаў памілаваных тады афіцыйна таксама не называлі, сам указ не публікаваўся. Пасьля праваабаронцам сталі вядомыя прозьвішчы некаторых вызваленых вязьняў, сярод іх — Ксенія Луцкіна, Вольга Новікава, Ала Зуева, Вольга Стаброўская, Васіль Берасьнеў, Ірына Санкоўская, Кацярына Леў, Натальля Пятровіч, Тамара Каравай, Сьвятлана Палуэктава, Яўген Чуміла.