Сёлета мінімум 126 чалавек атрымалі штрафы за дапамогу палітвязьням і іхным сем’ям, 22 чалавекі знаходзяцца пад вартай у СІЗА.
У Менскім гарадскім судзе 5 верасьня распачаўся суд над 54-гадовай Аленай Тапарковай, піша «Вясна».
Яе абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядае судзьдзя Сьвятлана Макарэвіч.
Па інфармацыі «Нашай нівы», Алена скончыла Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію (цяпер — БНТУ). Раней пра затрыманьне Алены не было вядома. Пэўна, яна трапіла пад студзеньскі рэйд КДБ за салідарнасьць з палітзьняволенымі. Сутнасьць абвінавачаньня невядомая.
На гэтым тыдні масава праходзяць суды над затрыманымі ў студзені. Паводле «Вясны», сама меней 17 затрыманых у студзені 2024 году трапілі пад судовы крымінальны перасьлед. Жанчынам, як правіла, прызначаюць да 3 гадоў калёніі. Так, за студзеньскі рэйд ужо асудзілі Ірыну Такарчук, Алесю Сергеенку, Алену Дземянчук, Надзею Лескавец, Натальлю Харытонаву-Крыжэвіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы працэс за салідарнасьць зь сем’ямі палітвязьняў: судзяць Марыну ГацуруСправа INeedHelpBY
Адной з прычын ператрусаў, допытаў і затрыманьняў 23 студзеня 2024 году стала дапамога сем’ям палітвязьняў з прадуктовымі перадачамі празь Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY, а таксама дапамога палітвязьням, якія цяпер у няволі. Большасьць з тых, хто патрапіў пад перасьлед, — жанчыны і сваякі палітвязьняў. Частку зь іх асудзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў, на некалькі дзясяткаў чалавек завялі крымінальныя справы.
Так, паводле зьвестак праваабаронцаў, сама меней 126 чалавек патрапілі пад судовы адміністрацыйны перасьлед паводле арт. 24.15 КаАП (за «выкарыстаньне замежнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці») з пачатку лютага 2024 году па ўсёй Беларусі. Гэты адміністрацыйны артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўвалі, адзначаюць праваабаронцы, новую рэпрэсіўную практыку сталі актыўна выкарыстоўваць супраць сем’яў палітвязьняў.
Прыкладна супраць 30 чалавек завялі крымінальныя справы за тое, што падтрымлівалі палітвязьняў невялікімі грашовымі пераводамі і перадачамі. Паводле зьвестак «Вясны», сама меней 22 чалавекі цяпер застаюцца пад вартай у СІЗА. Амаль усе — жанчыны, большасьць зь якіх ва ўзросьце больш за 50 гадоў. На іх завялі крымінальныя справы за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, па гэтым артыкуле ім пагражае да сямі гадоў калёніі.
Негледзячы на тое, што людзі дапамагалі палітвязьням па ўласным жаданьні і з уласных грошай, іх абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Сутнасьць абвінавачваньня ў тым, што яны нібыта бралі інфармацыю пра палітвязьняў на рэсурсах, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» (гаворка пра інтэрнэт-рэсурсы праваабарончых арганізацый і ініцыятываў).
Крымінальныя справы супраць дзевяці жанчын ужо апынуліся ў судзе — кагосьці ўжо асудзілі, а хтосьці яшчэ чакае суду.
- Масавы рэйд сілавікоў па кватэрах тых, хто дапамагаў сем’ям палітзьняволеных прадуктовымі наборамі праз інтэрнэт-пляцоўку «Е-дастаўка» сеткі крамаў «Эўраопт» у рамках ініцыятывы «INeedHelpBY» (16 студзеня прызнаная экстрэмісцкім фармаваньнем), адбыўся 23 студзеня. У асноўным пацярпелі жанчыны і сваякі палітвязьняў.