Пра гэта ў Фэйсбуку паведамілі беларускія праваслаўныя сьвятары Георгі Рой і Аляксандар Кухта.
«У вакно нашага храма сёньня ноччу нехта страляў з пнэўматыкі. Разьбілі шкло», — напісаў Аляксандар Кухта і апублікаваў фота пашкоджанай стрэлам шыбы.
На думку сьвятара, гэта не выпадковасьць, улічваючы яшчэ адзін эпізод 4 верасьня, калі невядомыя пабілі вокны Цэнтру беларускай культуры ў Вільні, а таксама нядаўнія масавыя званкі беларусам Літвы, якія Дэпартамэнт міграцыі краіны ўжо назваў «правакацыяй», і пашкоджаньне крамы беларускіх сувэніраў Kropka у Вільні.
«Галоўная вэрсія, якой прытрымліваецца і беларуская дыяспара ў Літве, і большасьць літоўскага грамадзтва, і якая пацьвярджаецца мноствам ускосных прыкмет — гэта правакацыі беларускага КДБ, якое хоча запалохаць мясцовых беларусаў і пасварыць нас зь літоўцамі. Але як яно насамрэч, разьбіраецца паліцыя», — адзначыў Аляксандар Кухта.
Прадстаўнікі беларускай царквы ў Вільні, паводле яго, напісалі заяву ў паліцыю.
Раніцай 4 верасьня стала вядома, што невядомыя пабілі шыбы ў будынку Цэнтру беларускай культуры ў Вільні. Ніхто не пацярпеў, унутры памяшканьняў аскепкаў няма. Пра здарэньне інфармавалі літоўскую паліцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У будынку Цэнтру беларускай культуры ў Вільні пабілі шыбы, небясьпекі для наведнікаў няма ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўская паліцыя пачала расьсьледаваньне нападу на краму беларускіх сувэніраў у Вільні