Пра трагедыю адной сям'і ў выніку расейскага ўдару па Львове напісаў мэр гораду Андрэй Садавы. Пасьля сёньняшняга нападу жывым застаўся толькі мужчына на фота.
«Жонка Яўгенія і тры іх дачкі — Ярына, Дарына і Эмілія — загінулі ва ўласным доме.
Ззаду стаіць Ярына Базілевіч. Дзяўчыне быў 21 год. Яна працавала ў нашым офісе „Львоў — моладзевая сталіца Эўропы 2025“.
У цэнтры Эўропы Расея вынішчае ўкраінцаў цэлымі сем’ямі. Расейцы забіваюць нашых дзяцей, нашу будучыню. Ня ведаю, якімі словамі падтрымаць бацьку Яраслава. Сёньня ўсе мы з вамі», — напісаў Садавы.
Раніцай 4 верасьня расейскія агрэсары атакавалі найбуйнейшы горад Захаду Ўкраіны. У Львове загінулі 7 чалавек, зь іх трое дзяцей. Кіраўнік мясцовай вайсковай адміністрацыі Максім Казіцкі ўдакладніў, што колькасьць параненых вырасла да 23, сярод іх пяцёра дзяцей. У чатырох чалавек лёгкія раненьні, 15-гадовы падлетак — у стане сярэдняй цяжкасьці.
Імаверна, расейцы запусьцілі па Львове ракеты «Кінжал».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля абстрэлу Палтавы Расея ракетамі атакавала Львоў і Крывы Рог. Ёсьць ахвяры ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы атакавалі ракетамі Запарожжа, ёсьць разбурэньні і ахвяры, у тым ліку дзіця