У мэсэнджары Telegram распачаў працу Advakatby_bot, распрацоўкай якога займаліся адвакаты, пазбаўленыя ліцэнзіяў у Беларусі за абарону палітвязьняў, пры кансультацыйнай падтрымцы праваабарончых арганізацый «Вясна», BYSOL, By_Help, Dissidentby і Фонду «Краіна для жыцьця», паведамляе «Белсат».
Адзін са стваральнікаў распавёў выданьню, што гэта за бот і як ён працуе.
Advakatby_bot — гэта аўтаматызаваны сэрвіс кансультаваньня ахвяраў рэпрэсіяў і іх блізкіх, распрацаваны для дапамогі людзям унутры краіны. Кансультацыі будзе даваць не жывы чалавек у рэальным часе, а праграма паводле складзеных альгарытмаў.
«Напрыклад, Вам патэлефанавалі і паведамілі, што невядомыя ў цывільным затрымалі вашага сваяка раніцай каля дома. Вы заходзіце ў аdvakatby_bot і выбіраеце сытуацыю „Затрымалі блізкага“. Бот запытваецца: „Хто ажыцьцяўляў затрыманьне?“, пасьля прапануе некалькі варыянтаў. Вы адказваеце: „Ня ведаю“. Далей бот запытвае: „Колькі гадзін таму адбылося затрыманьне?“. Вы абіраеце варыянт: „Ад 1 да 2 гадзін“ і гэтак далей. На падставе дадзеных адказаў чат-бот выдае кансультацыю наконт таго, што варта зрабіць, каб дапамагчы роднаму», — распавядае адвакат Аляксей (імя зьмененае — рэд.).
Паводле яго, мэтай аdvakatby_bot зьяўляецца супрацьдзеяньне рэпрэсіям у Беларусі: каб як мага менш беларусаў трапілі за краты і каб палепшыць сытуацыю ўжо рэпрэсаваных людзей. У рамках стварэньня боту былі распрацаваныя мадэлі найбольш небясьпечных сытуацый, зь якімі часьцей за ўсё сутыкаюцца беларусы:
- «Затрымалі блізкага»;
- «Выклікаюць у органы»;
- «Перасячэньне мяжы»;
- «Праблемы ў калёніі»;
- «Атрымаць дапамогу або экстранна эвакуявацца зь Беларусі».
Стваральнікі Advakatby_bot упэўненыя, што ў краіне, дзе пануе «прававы дэфолт», усё яшчэ можна пазьбегнуць рэпрэсіяў:
«Мы амаль не прапануем юрыдычныя мэтады для абароны рэпрэсаваных, паколькі правасудзьдзя ў палітычна матываваных справах не існуе. Тым ня менш, існуюць альгарытмы, па якіх дзейнічаюць рэпрэсіўныя органы, — ведаючы якія, у шматлікіх сытуацыях можна як мінімум не пагоршыць становішча рэпрэсаванага, калі не пазьбегнуць рэпрэсіяў увогуле.
Трэба разумець, што палітычны перасьлед у 99% выпадкаў грунтуецца на інфармацыі, што знаходзіцца ў лічбавай прасторы — на прыладах, у сацсетках, электронных воблаках і іншых сэрвісах. Адпаведна, калі такая інфармацыя становіцца недасяжная сілавікам, рызыка затрыманьня зводзіцца да мінмуму», — кажа Аляксей.
На цяперашні момант ужо запусьцілі вэрсію чат-бота ў Telegram, але неўзабаве плянуюць апублікаваць вэб-вэрсію, доступ да якой будзе толькі праз VPN або з замежжа. Таму, паводле адваката, калі пры праходжаньні бота вы заўважыце адсутнасьць спасылкі на сайт і прабелы замест яе, то гэта часовая зьява. Вэб-вэрсія мусіць быць больш бясьпечнай і надзейнай, але для неадкладных выпадкаў можна выкарыстоўваць чат-бот у Telegram.
Аляксей падкрэсьлівае, што гэты бот не зьбірае пэрсанальных зьвестак, а доступу да ID у беларускіх сілавікоў няма, таму карыстаньне чат-ботам будзе бясьпечным, праўда, з агаворкаю:
«Верагодна, гэты чат будзе прызнаны „экстрэмісцкім“, пасьля чаго падпіска на яго будзе спалучаная з рызыкай адміністрацыйнай адказнасьці. Таму падчас праходжаньня чат-бота вы неаднаразова сустрэнеце рэкамэндацыю выдаліць яго пасьля выкарыстаньня, а таксама відэаінструкцыю ад Кібэрпартызанаў па выдаленьні бота».
Advakatby_bot — гэта прыватная інцыятыва. Яго стваральнікі тлумачаць, што да моманту пазбаўленьня адвакацкіх ліцэнзіяў яны аддавалі ўвесь свой час абароне палітычных зьняволеных у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кожны чацьвёрты. Як беларуская ўлада зьнішчае інстытут адвакатаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Баюся сказаць лішняе слова нават сваякам падабароннага». Чаму ў палітвязьняў часта няма адвакатаў