Колькасьць загінулых у выніку расейскага ўдару па Палтаве ўзрасла да 51, пад заваламі могуць знаходзіцца яшчэ 15 чалавек

Наступствы расейскага ракетнага ўдару па Палтаве, скрыншот зь відэа

Колькасьць загінулых у выніку ракетнага ўдару расейскай арміі па Палтаве павялічылася да 51, сьведчаць абноўленыя зьвесткі, якія прыводзіць Офіс генпракурора Ўкраіны. Параненыя сама меней 271 чалавек.

Кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Філіп Пронін у этэры тэлемаратону паведаміў, што пад заваламі яшчэ могуць знаходзіцца 15 чалавек. Паводле яго, ратавальныя працы працягваюцца.

«Выратавальныя работы яшчэ працягваюцца — вядзецца разбор завалаў. Задзейнічаныя ўсе службы. На гэты момант колькасьць параненых — 271. Усім надаюць неабходную дапамогу», — паведаміў увечары 3 верасьня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і ўдакладніў, што пад абломкамі разбуранага будынка ўсё яшчэ знаходзяцца людзі.

У ліквідацыі наступстваў ракетнага ўдару задзейнічана больш за 200 ратавальнікаў і 50 адзінак тэхнікі, расказаў украінскай службе Радыё Свабода прэс-сакратар Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацый Украіны Аляксандар Харунжы. Ён адзначыў, што ратавальная апэрацыя ўскладняецца паветранай трывогай, празь якую «час ад часу даводзіцца спыняць працу». Акрамя таго, трэба разьбіраць, падымаць і залазіць пад вялікую колькасьць канструкцыяў.

3 верасьня Расея нанесла балістычны ўдар па Палтаве. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што дзьве балістычныя ракеты трапілі на тэрыторыю навучальнай установы і лякарні побач — часткова разбураны адзін з карпусоў Інстытуту сувязі. Прэс-сакратар Мінабароны Дзьмітрый Лазуткін у этэры тэлемаратону паведаміў, што расейскія войскі абстралялі навучальную ўстанову з «Іскандэраў».

У Палтаўскай вобласьці Ўкраіны аб’явілі трохдзённую жалобу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: Расея атакавала ракетамі ВНУ ў Палтаве, вядома пра дзясяткі забітых і параненых
  • Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія рэгіёны з рознымі відамі зброі — ударнымі БПЛА, ракетамі, зэнітнымі ракетамі.
  • Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейская армія ў ходзе поўнамаштабнай вайны наносіць прыцэльныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і сёлаў Украіны, у выніку чаго гіне мірнае насельніцтва і разбураюцца лякарні, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы з боку Расеі і падкрэсьліваюць, што яны носяць мэтанакіраваны характар.