Нямецкі ўрад «не раскрывае зьместу канфідэнцыйных перамоваў» аб вызваленьні Калесьнікавай і іншых палітвязьняў

Бэрлін, будынак Бундэстагу. Архіўнае фота

Заява МЗС Нямеччыны прагучала ў адказ на запыт дэпутата Бундэстага.

«Вызваленьне ўсіх палітвязьняў у Беларусі — прыярытэт фэдэральнага ўраду», — заявіла дзяржаўны сакратар МЗС Нямеччыны Зузанна Баўман у адказ на дэпутацкі запыт прадстаўніка апазыцыйнай фракцыі хрысьціянскіх дэмакратаў у Бундэстагу Томаса Рахэля, піша «Позірк» са спасылкай на прэсавую службу Бундэстага.

Парлямэнтар, які ў 2021 годзе зьбіраў подпісы да сваёй пэтыцыі за вызваленьне Марыі Калесьнікавай, цікавіўся, ці выстаўляў урад патрабаваньне яе выпусьціць у межах перамоваў з Расеяй аб абмене зьняволенымі, і калі так, чаму вызваленьня не адбылося, а калі не, то якія «канкрэтныя» ініцыятывы робіць урад для яе вызваленьня.

«Такое азначэньне мэты (вызваленьне палітзьняволеных. — „Позірк“.) зноў падкрэсьлівалася ў тым ліку ў высновах Рады ЭЗ аб Беларусі ў лютым 2024 году», — адзначыла прадстаўніца МЗС Нямеччыны.

Яна нагадала, што ў ліпені сёлета Нямеччына з 37 партнэрамі перазапусьцілі Венскі мэханізм у дачыненьні да Беларусі ў сувязі са становішчам палітвязьняў і ў яго рамках быў канкрэтна разгледжаны кейс Калесьнікавай.

Урад Нямеччыны «пастаянна выступае за вызваленьне палітзьняволеных», аднак «не выказваецца пра зьмест даверных перамоваў», паведаміла Баўман.

Дэпутацкі запыт быў накіраваны і адказ на яго атрыманы раней за заяву сястры Калесьнікавай Тацяны Хоміч аб тым, што тая пры росьце 175 см важыць 45 кг, «фактычна галадае» праз хваробу, бо ня можа шмат што есьці з турэмнага мэню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фактычна Марыя ў калёніі галадае. Чулі, што яна важыць 45 кіляграмаў», — сястра палітзьняволенай Калесьнікавай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі апазыцыянэр Яшын: Я хацеў, як Марыя Калесьнікава, парваць пашпарт на мяжы