У Менскім абласным судзе 3 верасьня пачынаецца яшчэ адзін працэс з шэрагу спраў аб салідарнасьці з палітвязьнямі. Гэтым разам судзяць Юлію Краўцову, якую затрымалі, як іншых валянтэраў, падчас рэйду КДБ 23 студзеня 2024 году.
Паводле «Вясны», жанчыну абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Абвінавачанай пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
Юліі Краўцовай 48 гадоў, яна зь Менску. Да суду жанчыну ўтрымлівалі ў жодзінскай сьледчай турме № 8. Праваабаронцы Dessidentby паведамляюць, што сястра Юліі зьяўляецца жонкай былога палітвязьня Мікалая Каробкі, які адбыў 2,5 года зьняволеньня за нібыта процідзеяньне выбарам.
Судзіць Юлію Краўцову судзьдзя Аляксандар Рыбакоў, вядомы па шматлікіх працэсах над праціўнікамі Лукашэнкі. Яшчэ ў 2006 годзе Рыбакоў судзіў за хуліганства тагачаснага кандыдата на прэзыдэнта, былога рэктара БДУ Аляксандра Казуліна.
2 верасьня ў Менскім абласным судзе пачаўся судовы працэс над Марынай Гацурай, якую затрымалі падчас рэйду спэцслужбаў па сваяках палітвязьняў, што атрымлівалі дапамогу.
Паводле праваабаронцаў «Вясны», Гацуры выставілі абвінавачаньне паводле артыкулу 361-4 («Садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Жанчыне пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
Паводле інфармацыі «Вясны», сама меней 14 затрыманых у студзені 2024 году трапілі пад судовы крымінальны перасьлед — кагосьці ўжо асудзілі, а хтосьці чакае працэсу. Так, за студзеньскі рэйд ужо асудзілі Ірыну Такарчук, Алесю Сяргеенку, Алену Дземянчук, Надзею Лескавец, Натальлю Харытонаву-Крыжэвіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы працэс за салідарнасьць зь сем’ямі палітвязьняў: судзяць Марыну Гацуру