У чарзе на выезд зь Беларусі ў суседнія краіны Эўрапейскага зьвязу апоўдні 2 верасьня знаходзілася 3425 транспартных сродкаў, пра гэта сьведчаць зьвесткі Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.
Выезду ў Польшчу ў пункце пропуску Берасьце (з сумежнага боку — Тарэспаль) чакаюць 450 легкавых аўтамабіляў. Тамсама знаходзіцца 5 аўтобусаў.
Грузавы транспарт масава сабраўся на мяжы з Латвіяй — 700 у пункце пропуску Грыгораўшчына (Патэрніекі), Літвой — 610 у Каменным Логу (Меднікі) і 760 у Беняконях (Салечнікі) і Польшчай — 800 у Казловічах (Кукурыкі), піша «Позірк».
«Чарга велікагрузаў, якія чакаюць уезду ў Польшчу перад памежным пераходам Кукурыкі (Казловічы), за выходныя дні не зьмянілася. Сумежны бок прыняў на сваю тэрыторыю 58% фураў ад нормы. Праз латвійскі пункт пропуску Патэрніекі (Грыгораўшчына) у краіны ЭЗ за два дні ўехала 41% грузавікоў», — паведамляе ведамства.
8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два літоўскія памежыя пераходы — у Медніках і Салечніках.
Пасьля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).
19 верасня 2023 году з прычыны павелічэньня наплыву нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і пункт пропуску Сіленэ (Урбаны).
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.