Памёр трохразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандар Мядзьведзь

Аляксандар Мядзьведзь у часе спартовай кар'еры. Архіўнае фота

Аляксандар Мядзьведзь пайшоў з жыцьця 2 верасьня 2024 году.

Пра сьмерць Аляксандра Мядзьведзя агенцтву БелТА паведаміла Беларуская фэдэрацыя дужаньня.

Аляксандар Мядзьведзь нарадзіўся 16 верасьня 1937 году ў Белай Царкве на Кіеўшчыне. Адтуль жа паходзіў, напрыклад, знакаміты шахматыст Давід Бранштэйн, які таксама памёр у Менску.

Свой першы залаты алімпійскі мэдаль Мядзьведзь заваяваў у 1964 годзе ў Токіё, затым былі перамогі на Алімпіядах у Мэхіка-1968 і Мюнхэне-1972.

За доўгія гады спартовай кар’еры Аляксандар Мядзьведзь стаў 7-разовым чэмпіёнам сьвету, 3-разовым чэмпіёнам Эўропы і 9-разовым чэмпіёнам Савецкага Саюзу ў вольным дужаньні.

За выдатныя дасягненьні яму надалі званьне заслужанага майстра спорту СССР, у 2001-м яго прызналі найлепшым спартоўцам Беларусі ХХ стагодзьдзя, а ў 2005 — найлепшым дужаньнікам вольнага стылю ХХ стагодзьдзя ў сьвеце.

Пасьля завяршэньня выступленьняў Мядзьведзь перайшоў на трэнэрскую працу, быў віцэ-прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту, узначальваў зборную Беларусі ў вольным дужаньні, а таксама кіраваў Беларускай фэдэрацыяй дужаньня. У Менску на вуліцы Каліноўскага працуе спартовы цэнтар, названы ў гонар Аляксандра Мядзьведзя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ўпершыню ў гісторыі». Як беларускі электрык прабег алімпійскі маратон у Парыжы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма грошай і канкурэнцыі». Што адбылося зь беларускім спортам за чатыры гады