Адбыліся выбары ў зямельныя парлямэнты Турынгіі і Саксоніі. У Турынгіі на першым месцы правапапулісцкая «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD), у Саксоніі на першым зь невялікім адрывам ад яе — Хрысьціянска-дэмакратычны зьвяз (CDU). Адна з партый урадавай кааліцыі — Свабодная дэмакратычная партыя (FDP) ня трапіць ні ў адзін з двух парлямэнтаў. У Турынгіі пройдзе толькі адна толькі Сацыял-дэмакратычная партыя (SPD).
Тэлекампанія ARD перадала першыя, папярэднія вынікі выбараў. У Саксоніі CDU набрала 31,5% галасоў, AfD — 30%. На трэцім месцы знаходзіцца левапапулісцкі «Альянс Сары Вагенкнэхт» з 12% галасоў. У SPD 8,5% галасоў, у «Альянсу 90-х/Зялёных» — 5,5%. Левая партыя (Die Linke) набрала толькі 4% галасоў.
AfD набрала ў Турынгіі больш за 30% галасоў, CDU — 24,5%, на трэцім месцы з 16% — «Альянс Сары Вагенкнэхт». За імі ідуць Левая партыя (12%) і SPD (7%). «Зялёныя» набралі 4% галасоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне аштрафавалі дэпутата парлямэнту Саксоніі за ўтойваньне бізнэсу ў Беларусі і візыты ў краінуУ Саксоніі CDU паказала найгоршы вынік з пачатку выбараў у аб’яднанай Нямеччыне. З 1990 году партыя выстаўляла свайго прэм’ер-міністра ў зямельным урадзе. З 2017 году ім быў Міхаэль Крэчмэр.
AfD паказала найлепшы вынік на выбарах у зямельны парлямэнт Саксоніі, пачынаючы з 2014 году. У 2019 годзе яна ўжо атрымала 27,5% галасоў. Раней саксонскі аддзел «Альтэрнатывы» ўлады афіцыйна прызналі «праваэкстрэмісцкім».
«Саюз Сары Вагенкнэхт» упершыню выступае на выбарах і адразу набірае двухзначную колькасьць галасоў і ўжо дакладна ўвойдзе ў парлямэнты абедзьвюх зямель. Праўдападобна, правал Левай партыі зьвязаны менавіта з уздымам «Альянсу Сары Вагенкнэхт». Гэтая леварадыкальная партыя патрабуе спыненьня паставак зброі ва Ўкраіну і пачатку перамоваў з Расеяй. Цалкам магчыма, што яна створыць кааліцыю зь Левай партыяй і сацыял-дэмакратамі, каб утварыць большасьць урадавага кабінэту ў зямельным парлямэнце.
Цікава, што на папярэдніх выбарах у Турынгіі перамаглі посткамуністы. У 2019-м за Левую партыю прагаласавалі 29,5% выбарнікаў. Але цяпер партыя мясцовага прэм’ер-міністра Бода Рамэлава зазнала вялікую паразу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне абверглі паведамленьні пра абмежаваньне дапамогі Ўкраіне