Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін узнагародзіў Аляксандра Лукашэнку ордэнам Сьвятога апостала Андрэя Першазванага, указ быў падпісаны 30 жніўня, а інфармацыю аб гэтым разьмясьцілі на сайце Крамля.
У ім адзначаецца, што Лукашэнка атрымаў узнагароду «за выдатныя заслугі ў разьвіцьці адносін саюзьніцтва і стратэгічнага партнэрства паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, умацаваньні сяброўскіх сувязяў паміж расейскім і беларускім народамі, а таксама за вялікі асабісты ўклад у стварэньне і эфэктыўную дзейнасьць саюзнай дзяржавы».
У віншавальнай тэлеграме Пуцін расказаў пра ягоныя добрыя «таварыскія адносіны» з Лукашэнкам.
Ордэн Святога апостала Андрэя Першазванага быў першым ордэнам і найвышэйшай узнагародай у Расейскай імпэрыі. Узнагароду заснаваў ў канцы XVII стагодзьдзя цар Пётар I. Яна была адноўленая ў Расейскай Фэдэрацыі ў 1998 годзе.
Ордэнам былі ўзнагароджаныя, сярод іншых, патрыярх Кірыл, Міхаіл Гарбачоў, Нурсултан Назарбаеў, Гейдар Аліеў, Сі Цзіньпін, Нарэндра Модзі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі б я тады ведала, што нам давядзецца жыць у гэтым 30 гадоў, я б, напэўна, ня выжыла». Сьвятлана Курс пра выбары ў 1994-мТаксама Лукашэнку павіншаваў старшыня Дзяржаўнай Думы Расеі Вячаслаў Валодзін.
Ён адзначыў, што Лукашэнка «адносіцца да ліку адказных і дасьведчаных».
Павіншавалі Лукашэнку зь юбілеем і вайскоўцы беларускай арміі. Міністэрства абароны Беларусі да Дня нараджэньня палітыка выклала віншавальны відэаролік з нарэзкай з сустрэч Лукашэнкі з вайскоўцамі, які завяршаецца лёзунгам: «Моцная рука — моцная армія — моцная краіна».
У роліку паказаны і Лукашэнка з аўтаматам падчас разгону акцый пратэсту ў 2020 годзе.
Як паведамляе сайт Catholic.by, 30 жніўня старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі, накіраваў віншаваньні Аляксандру Лукашэнку на 70-годзьдзе.
«Няхай дапамога Ўсявышняга ўмацуе вас у зьдзяйсьненьні добрых спраў на карысьць нашага народу, на карысьць дарагой Радзімы, Рэспублікі Беларусь. Няхай Усёмагутны Бог захавае вас у здароўі, міры і спакоі на доўгія і бласлаўлёныя гады»,— напісана сярод іншага ў віншаваньні.
Маскоўскі патрыярх Кірыл узнагародзіў Лукашэнку ордэнам князя Данііла Маскоўскага (I ступені).
«Прыемна таксама сьведчыць, што вы ўсяляк садзейнічаеце абароне традыцыйных духоўна-маральных і сямейных каштоўнасьцей, пашырэньню гуманітарнага супрацоўніцтва і ўмацаваньню братэрскага адзінства славянскіх народаў»,— напісаў Лукашэнку патрыярх Кірыл, які падтрымаў рашэньне Пуціна аб нападзе на Ўкраіну.
- Аляксандар Лукашэнка нарадзіўся 30 жніўня 1954 года ў гарадзкім пасёлку Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласьці.
- Лукашэнка трымае ўладу ў Беларусі з 1994 году, калі яго выбралі на першых выбарах прэзыдэнта Беларусі.
- Толькі гэтыя выбары лічыліся дэмакратычнымі, астатнія выбарчыя кампаніі, якія прайшлі з таго часу, не прызнаваліся свабоднымі і справядлівымі, суправаджаліся масавымі рэпрэсіямі, заходнімі санкцыямі, крызісам легітымнасьці ўлады.