Як такое магло здарыцца і ці знаходзяцца пад пагрозай беларусы ў краінах Эўразьвязу — пра гэта ў праграме «ПіК Свабоды» гавораць Зьміцер Васэрман, прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швэцыі, і юрыст Алесь Міхалевіч.
Цалкам размову глядзіце ў відэафармаце на Youtube:
Фрагмэнты размовы:
Васэрман
- Учора я размаўляў з прадстаўніком швэдзкага міграцыйнага агенцтва. Мяне запэўнілі, што яны зараз перагледзяць справы беларусаў — у тым ліку тых, каму адмовілі ў прытулку. Гэта будзе доўгі працэс, таму паралельна з гэтым мы патрабуем, каб яны ўвялі мараторый на дэпартацыю беларусаў.
- У Швэцыі вельмі абмежаваны палітычны кантроль над міграцыйным агенцтвам. Агулам гэта добры прынцып — ён зроблены, каб не было «тэлефоннага права». Але праблема ў тым, што агенцтва ня мела дастатковай кампэтэнцыі, каб ацэньваць сытуацыю ў Беларусі. У гэтым канкрэтным выпадку дэпартацыі цяпер яны самі прызнаюць, што гэта памылка.
- Я ведаю яшчэ некалькі беларусаў, якія знаходзяцца ў падобнай сытуацыі. Спадзяюся, што ў працэсе перагляду справаў гэтыя беларусы будуць улічаныя. Мы вядзем пра гэта дыялёг зь міграцыйнай службай, але гарантыяў няма.
Міхалевіч:
- Мяне зьдзівіла, што гэта адбылося са Швэцыяй, бо зь Літвы такія выпадкі ўжо былі. Раней у Швэцыі проста не было фізычнай магчымасьці рэалізаваць дэпартацыю, бо няма мяжы зь Беларусьсю, а дэпартаваць у «трэцюю краіну» забаронена. Непакоіць тое, што Літва, апроч таго, што сама дэпартуе беларусаў, прыняла рашэньне дапамагаць іншым міграцыйным агенцтвам — у гэтым выпадку Швэцыі.
- Эўрапейская канвэнцыя забараняе дэпартацыю ці экстрадыцыю, калі могуць пагражаць катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне. У выпадку зь беларусамі, якіх дэпартуюць у Беларусь, такая пагроза, безумоўна, ёсьць.
- Людзям у такой сытуацыі трэба мець кантакт зь юрыстам, з адвакатам. Варта прайсьці ўсе нацыянальныя інстанцыі, усе нацыянальныя суды. Калі нешта зьмяняецца, варта зьвяртацца з заявай пра новы разгляд. Калі ўсе нацыянальныя інстанцыі прайграныя, варта карыстацца Эўрапейскім судом па правах чалавека і камітэтам ААН па правах чалавека.
- Калі гэта не спрацоўвае і пагражае фізычная высылка, варта спрабаваць пераехаць у іншую краіну Эўразьвязу — да прыкладу, у Польшчу — і паспрабаваць падацца па наноў адкрытых абставінах. Гэта ня толькі дае дадатковы час, але зь вялікай імавернасьцю можна будзе легалізавацца — хай не са статусам уцекача. У Польшчы нашмат лепш разумеюць сытуацыю ў Беларусі.
- Калі і гэта немагчыма, і пагроза дэпартацыі непасрэдная, можна пагаджацца на выезд у менш бясьпечную краіну па-за Эўразьвязам, куды ня трэба візы ці куды можна атрымаць візу.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.