Выданьне «Новы час» са спасылкай на сваю крыніцу паведаміла, што супрацоўнікі гомельскай калёніі рвуць лісты, адрасаваныя Марыі Калесьнікавай.
З кастрычніка 2023 году палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай, якая знаходзіцца ў гомельскай калёніі № 4, не перадаюць лістоў. Іх ірвуць у яе на вачах і «ўсяляк зьдзекуюцца» зь яе, піша «Новы час» са спасылкай на сваю крыніцу.
Акрамя таго, па словах крыніцы выданьня, калі Калеснікаву кудысьці вядуць, перакрываюць усю калёнію. Таксама крыніца сьцьвярджае, што аднойчы яе пасьля шматлікіх просьбаў адвялі ў мэдчастку, «аднак незразумела, што ў выніку».
Зьдзекуюцца ў гомельскай калёніі і зь іншых зьняволеных жанчын. Суразмоўца «Новага часу» расказаў, што супрацоўнікі калёніі маніпулююць чуткамі і асабістымі зьвесткамі аб зьняволеных.
«Яны ня б'юць, але вось гэтыя зьдзекі — паўсюль. У прыватнасьці, да апошняга не гавораць зняволеным, ці будзе ў іх спатканьне са сваякамі. Альбо проста пазбаўляюць спатканьня», — расказала крыніца выданьня.
У верасьні 2021 году Менскі абласны суд пакараў Калесьнікаву 11 гадамі пазбаўленьня волі ў справе аб публічных закліках да прычыненьня шкоды нацыянальнай бясьпецы, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай. Сваякі Калесьнікавай атрымалі апошні ліст ад яе 15 лютага 2023 году. Улады Беларусі не паведамляюць родным ніякай інфармацыі пра яе.
Палітзьняволеная, асуджаная на 11 гадоў калёніі, знаходзіцца ў гомельскай жаночай ПК у рэжыме інкамунікада: блізкія ня ведаюць пра яе нічога больш за год, яна ізаляваная ад іншых зьняволеных, не атрымлівае ні лістоў, ні перадач.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не хацелі нават памераць ціск». Што вядома пра стан Марыі КалесьнікавайШто трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку
Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.