Апэратары сотавай сувязі ў Беларусь цяпер павінны будуць аддаваць штогод ня менш за 20% свайго прыбытку дзяржаве, вынікае з указу Лукашэнкі № 335 «Аб наданьні паслуг сотавай рухомай электрасувязі», апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Савет міністраў да 1 студзеня 2025 году павінен устанавіць для мабільных апэратараў абавязковыя патрабаваньні да ахопу тэрыторыі паслугамі сотавай сувязі і іх якасьці ў мэтах «падвышэньня даступнасьці сотавай сувязі», у тым ліку на вёсцы.
Пры парушэньні гэтых патрабаваньняў сотавых апэратараў будуць прыцягваць да адказнасьці.
Як патлумачыў начальнік упраўленьня электрасувязі і рэгуляваньня радыёчастотнага спэктру Мінсувязі Дзьмітры Корзун, для рэалізацыі гэтых патрабаваньняў прадугледжана, што 20% чыстага прыбытку мабільныя апэратары будуць накіроўваць штогод на рэалізацыю:
- праектаў па разьвіцьці сетак сотавай рухомай электрасувязі, н
- мерапрыемстваў і пілотных праектаў у сфэры лічбавага разьвіцьця, ухваленых Саветам па лічбавым разьвіцьці пры Мінсувязі,
- інвэстыцыйных праектаў, зьвязаных з разьвіцьцём сетак і павышэньнем якасьці наданьня паслуг.
Акрамя таго, указам прадугледжваецца ўвядзеньне базавага сацыяльнага тарыфу для насельніцтва, кошт якога будзе знаходзіцца пад кантролем дзяржавы.