Паводле інфармацыі сілавікоў, Аляксандру Марчанку прысудзілі 6 гадоў калёніі, Яўгену Култаеву — 7 гадоў. Іх прызналі вінаватымі ў «крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі» (арт. 210 Крымінальнага кодэксу).
У паведамленьні сілавікоў адзначаецца, што бацьку апошняга, спартовага агента Яўгена Култаева-старэйшага, якога некалькі гадоў таму называлі фактычным кіраўніком «Шахтара», абвясьцілі ў вышук. Паводле сілавікоў, ён нібыта знаходзіцца ў Латвіі.
У чэрвені афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Аляксандар Сухадольскі паведаміў, што былому кіраўніку салігорскага футбольнага клюбу «Шахтар» (Менская вобласьць) і «ягонаму хаўрусніку — 32-гадоваму іншаземцу» выставілі абвінавачаньні паводле ч. 4 арт. 210 Крымінальнага кодэксу.
«Сьледчыя ўстанавілі, што ў чэрвені 2021 году ў футбольны клюб „Шахтар“ з эўрапейскіх футбольных клюбаў перайшоў шэраг спартоўцаў. Выкарыстоўваючы зьвесткі аб названых трансфэрах... абвінавачаныя ў жніўні 2021 году склалі і падпісалі дамовы, якія ўтрымліваюць заведама недакладныя зьвесткі аб аказаньні агенцкіх паслуг па забесьпячэньні пераходу футбалістаў у гэты клюб», — заявіў Сухадольскі.
На падставе гэтых фіктыўных дамоваў, паводле Сухадольскага, на рахунак аднаго з абвінавачаных «Шахтар» пералічыў больш за 200 тысяч рублёў (на той момант каля 80 тысяч даляраў).
У ліпені 2023 году былога намесьніка дырэктара ў спартовых пытаньнях і трэнэра ФК «Шахтар» Уладзімера Нідэргаўса аштрафавалі на 185 тысяч рублёў у рамках крымінальнай справы аб дамоўленых матчах. Нідэргаўса прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 14, ч. 1 і 2 арт. 253 КК («Спроба подкупу ўдзельнікаў і арганізатараў спартовых спаборніцтваў або відовішчных камэрцыйных конкурсаў»).
Аб’яднаньне эўрапейскіх футбольных асацыяцыяў (UEFA) у траўні 2024 году наклала на «Шахтар» штраф у 1,01 млн эўра праз пратэрмінаваную крэдыторскую запазычанасьць і адхіліла ад матчаў пад эгідай асацыяцыі аж да сэзону 2026/27 уключна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-кіраўніка салігорскага «Шахтара» абвінавацілі ў махінацыях пры трансфэры футбалістаў