Польскія вайскоўцы, задзейнічаныя ў апэрацыі «Бясьпечнае Падляшша» па ўзмацненьні аховы мяжы зь Беларусьсю, атрымалі агнястрэльныя раненьні ў выніку няшчаснага выпадку, паведамілі ў Апэрацыйным камандаваньні польскага войска.
Інцыдэнт адбыўся паблізу населенага пункту Нова Лука ў Падляскім ваяводзтве, непадалёк ад польска-беларускай мяжы. Каля 18.45 27 жніўня «падчас перадачы зброі ў час зьмены дзяжурства былі зробленыя некантраляваныя стрэлы з табэльнай зброі», у выніку чаго вайсковец 1-га танкавага батальёна 18-й мэханізаванай дывізіі атрымаў раненьне ў нагу, а ягоны калега — у палец, паведамілі ў камандаваньні.
Ніякія трэція асобы ў інцыдэнце ня ўдзельнічалі, гаворыцца ў паведамленьні.
Вайскоўцу, параненаму ў нагу, аказалі першую мэдычную дапамогу на месцы, а потым на верталёце даставілі яго ў шпіталь у Беластоку. Стан вайскоўца стабільны, пагрозы жыцьцю няма. Другога вайскоўца пасьля аказаньня першай мэдычнай дапамогі даставілі ў шпіталь у Гайнаўку.
Абодва вайскоўцы былі задзейнічаныя ў апэрацыі «Бясьпечнае Падляшша» па ўзмацненьні аховы мяжы зь Беларусьсю.
Вайсковая жандармэрыя высьвятляе акалічнасьці і прычыны здарэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве расказалі, як адказаў Менск на заклік аб супрацы ў высьвятленьні асобы забойцы польскага памежніка- 28 траўня 2024 году шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк быў паранены нажом на мяжы зь Беларусьсю падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар у грудзі нажом, прывязаным да палкі. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.
- 6 чэрвеня Матэвуш Сітэк памёр ад раненьня ў шпіталі Варшавы.
- Пасьля здарэньня Польшча ўвяла на мяжы зь Беларусьсю 200-мэтровую буфэрную зону.
- Загінулага Матэвуша Сітэка рашэньнем міністра абароны Польшчы Ўладыслава Касіняка-Камыша пасьмяротна павысілі ў званьні да старшага сяржанта, а таксама ўзнагародзілі залатым мэдалём «За заслугі ў абароне краіны».