Такую заяву яна зрабіла 27 жніўня на паседжаньні Камітэту ААН па правах людзей з інваліднасьцю, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Паводле Бельскай, дыпляматычныя місіі не працягваюць пашпарты для беларусаў, у тым ліку для людзей з інваліднасьцю, таму што ў Беларусі «зьмянілі заканадаўства адносна пацьвярджэньня дакумэнтаў за мяжой».
«Зьвязана гэта ў тым ліку з такімі палітычнымі праблемамі, як увядзеньне санкцыяў супраць Беларусі», — удакладніла чыноўніца.
Паводле яе, часам «пашпарты і дакумэнты, якія пацьвярджаюць асобу для людзей, у сілу санкцыяў ЭЗ і іншых заходніх краін проста немагчыма даставіць своечасова і ў тэрмін у нашы замежныя ўстановы за мяжой».
«Мы зыходзім з таго, што гэтая мера можа быць часовай і, магчыма, зь цягам часу яна будзе адмененая», — сказала Ларыса Бельская.
Пры гэтым, на думку Бельскай, улады Беларусі дзейнічаюць «у рамках закону».
Што да правоў людзей з інваліднасьцю, чыноўніца адзначыла, што МЗС Беларусі ня мае зьвестак пра «вялікую колькасьць інвалідаў, якія выехалі з Рэспублікі Беларусь і маюць патрэбу ў зьмяненьні і пацьверджаньні сваіх дакумэнтаў».
- 4 верасьня 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і зьдзяйсьненьня дзеяньняў», які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты. Гэта стварыла сур’ёзную праблему для беларусаў, якія ня маюць магчымасьці выехаць у Беларусь для абмену пратэрмінаваных дакумэнтаў, у тым ліку праз пагрозу палітычнага перасьледу.
- У заяве экспэртаў ААН ад 20 верасьня 2023 году «пашпартны ўказ» Лукашэнкі названы часткай «мэтанакіраванай палітыкі пакараньня беларусаў, якія зьехалі», уключаючы праваабаронцаў, журналістаў і прадстаўнікоў апазыцыі, «за іх палітычную неляяльнасьць». Гэты ўказ, лічаць аўтары дакумэнту, уяўляе сабой прыклад «злоўжываньня мерамі бясьпекі» і «асабліва моцна» ўплывае на «тых, хто быў вымушаны пакінуць Беларусь у сувязі з масавымі рэпрэсіямі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году».
- 18 чэрвеня спэцдакладчык Рады ААН па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн у сваім дакладзе рэкамэндавала дзяржавам — чальцам ААН і іншым чальцам міжнароднай супольнасьці «прыняць меры ў адпаведнасьці з унутраным заканадаўствам дзяржаў — чальцоў ААН для ліквідацыі рызыкі масавай страты беларускімі грамадзянамі за мяжой пасьведчаньняў асобы і праязных дакумэнтаў».
- Пасьля ўступленьня ў сілу ўказу Лукашэнкі № 278 шэраг заходніх краін спрасьцілі працэдуру легалізацыі на сваёй тэрыторыі для грамадзян Беларусі, якія ня могуць вярнуцца на радзіму праз пагрозу палітычнага перасьледу.